ЕЗ выдзеліць грошы на дарогі і водныя шляхі ў Польшчы



Больш за паўмільярда злотых з фондаў ЕЗ атрымае Польшча на будаўніцтва дарог і 17 мільёнаў на мадэрнізацыю ўнутраных водных шляхоў. Пагадненне па гэтай справе было падпісанае 18 ліпеня ў Варшаве.

Амаль 488 мільёнаў злотых (амаль 113,5 мільёна еўра) будзе выдзелена на будаўніцтва кальцавой аўтадарогі гораду Шчацінэк у паўночна-заходняй Польшчы, а таксама на будаўніцтва ўчастка нацыянальнай дарогі S17 „Варшава – Гарволін”.

Міністр інфраструктуры Анджэй Адамчык адзначыў, што дарога S17 з’яўляецца часткай вельмі важнага дарожнага праекта па пашырэнні камунікацыйных шляхоў ва ўсходняй Польшчы.

Прысутны падчас падпісання пагаднення міністр энергетыкі Кшыштаф Тхужэўскі падкрэсліў важнасць развіцця інфраструктуры для эканомікі.

У сваю чаргу намеснік міністра інвестыцый і развіцця Вітальд Словік спадзяецца, што 17 мільёнаў злотых (амаль 4 мільёны еўра), якія Польшча атрымае на мадэрнізацыю ўнутраных водных шляхоў, дазволяць больш эфектыўна выкарыстоўваць іх для транспарту грузу па краіне.

Паводле radyjo.net

[manual_related_posts]