Фізічны пуск першага энергаблока БелАЭС запланаваны на восень



Фізічны пуск першага энергаблока Беларускай АЭС запланаваны на восень. Пра гэта заявіў журналістам 15 красавіка на XI Міжнародным форуме „Атамэкспа” ў Сочы (РФ) намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк.

Паводле слоў чыноўніка, пуск адбудзецца пры ўмове, што „на стадыі абкатак не будзе сур’ёзных форс-мажораў”.

Міхадзюк таксама паведаміў, што Беларусь не спяшаецца з пастаўкай ядзернага паліва на атамную станцыю, каб не ўскладняць рэжым працы арганізацый, якія будуюць АЭС. „Калі завязем паліва, у нас [будзе] цалкам іншы рэжым работ на станцыі — у плане забеспячэння фізічнай абароны і іншага. Таму мы з гэтай справай не спяшаемся, каб не абмяжоўваць рэжым працы будаўніча-мантажных арганізацый”, — растлумачыў намеснік міністра.

Ён дадаў, што па плане дастаўка ядзернага паліва павінна прайсці за месяц да фізічнага пуску першага энергаблока.

У пачатку красавіка на БелАЭС пачаўся першы этап праграмы па ўводзе ў эксплуатацыю першага энергаблока станцыі. Праграма запуску блока складаецца з чатырох этапаў — перадпускавых наладачных работ, фізічнага пуску, энергетычнага пуску і доследна-прамысловай эксплуатацыі.

Цяпер спецыялісты займаюцца індывідуальнымі выпрабаваннямі, а таксама тэставаннем абсталявання першага і другога контураў рэактарнай устаноўкі, якія пасля задзейнічаюць у гідраўлічных выпрабаваннях і цыркуляцыйнай прамыўцы.

Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца (Гарадзенская вобласць) за кошт крэдыту Расеі па тыпавым расейскім праекце ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 млрд долараў на будаўніцтва станцыі адкрыта да 2035 года.

Аляксандр Лукашэнка раней заяўляў, што, пасля перамоў у Сочы 21 верасня 2018 года з Уладзімірам Пуціным, Мінск прапаноўвае Маскве разгледзець пытанне аб працягу тэрміну вяртання крэдыту на будаўніцтва БелАЭС і зніжэнні працэнтнай стаўкі па ім.

У красавіку міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч паведаміў журналістам, што Беларусь і Расея абмяркоўваюць пытанне аб працягу тэрміну крэдыту РФ на будаўніцтва Беларускай АЭС з 25 да 35 гадоў і зніжэнні стаўкі.

Разам з тым першы віцэ-прэм’ер, міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў у Вашынгтоне на палях штогадовай сустрэчы Міжнароднага валютнага фонду і Сусветнага банка 13 красавіка паведаміў журналістам, што Расея пакуль не мяняла ўмоў крэдытавання будаўніцтва БелАЭС у адказ на запыт афіцыйнага Менску аб працягу тэрміну крэдыту і зніжэнні стаўкі.

Увод у эксплуатацыю першага энергаблока Беларускай АЭС запланаваны на снежань 2019 года, другога — на ліпень 2020-га. Мяркуецца, што атамная станцыя будзе выпрацоўваць 18 млрд кВт гадз электраэнергіі штогод.

belapan.by