Фонд сацабароны насельніцтва атрымаў з бюджэту субвенцыі на 391,5 млн рублёў



У першым паўгоддзі Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва атрымаў з рэспубліканскага бюджэту субвенцыі ў 391,5 млн рублёў, гаворыцца ў дакладзе Мінфіна аб стане дзяржаўных фінансаў.

Паводле дадзеных міністэрства, даходы ФСАН за першае паўгоддзе склалі 6.719,9 млн рублёў, або 49,5% да гадавога плана, у тым ліку за кошт субвенцый з рэспубліканскага бюджэту ў 391,5 млн рублёў.

Найбольшая ўдзельная вага (90,4%) у даходах фонду займаюць абавязковыя страхавыя ўзносы працадаўцаў, „Белдзяржстраха”, працоўных грамадзян і фізічных асоб, якія выплачваюць гэтыя ўзносы самастойна.

Выдаткі ФСАН у першым паўгоддзі ў 6.405,9 млн рублёў (47,8% да гадавога плана) ажыццяўляліся пераважна на выплаты пенсій і дапамог грамадзянам (на гэтыя мэты было выдаткавана 98,6% ад агульнай сумы расходаў).

Даходы ФСАН на 2018 год запланаваныя ў 13.581,5 млн рублёў, выдаткі — у 13.393,5 млн рублёў.

Нагадаем, тэма збалансаванасці ФСАН падымалася летам гэтага года ў парламенце. Намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Аляксандр Курлыпа, выступаючы ў чэрвені ў Палаце прадстаўнікоў, канстатаваў, што ў апошнія пяць гадоў бюджэт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва выконваецца з дэфіцытам і для яго фінансавання даводзіцца прыцягваць сродкі рэспубліканскага бюджэту.

Паводле звестак КДК, прычын хранічнага дэфіцыту бюджэту ФСАН некалькі: старэнне насельніцтва, што прыводзіць да памяншэння асоб, занятых у эканоміцы, і зніжэння ўзносаў у ФСАН; даваннем ільгот па выплаце узносаў у ФСАН рэзідэнтам Парку высокіх тэхналогій, індустрыяльнага парку „Вялікі камень” і сельгасарганізацыям; павышэнне дапамог для догляду дзяцей з мэтай стымулявання нараджальнасці.

Паводле дадзеных КДК, за апошнія восем гадоў сярэднегадавыя тэмпы росту расходаў бюджэту фонду перавышалі тэмпы росту яго ўласных даходаў на 3,1 працэнтнага пункта.

„Недахоп уласных сродкаў бюджэту фонду прывёў да зніжэння тэмпаў росту сярэдняй пенсіі па ўзросце да намінальнай налічанай заработнай платы. У выніку суадносіны гэтых паказчыкаў скараціліся з 43,3% за 2010 год да 37,6% за 2017 год”, — канстатаваў Курлыпа, выступаючы ў чэрвені ў Палаце прадстаўнікоў.   БелаПАН