Галоўчанка: Стаіць задача правесці тэхпераўзбраенне МТЗ і зрабіць па сутнасці новы завод



 Зараз ідуць перамовы з замежнымі пастаўшчыкамі абсталявання, каб правесці тэхпераўзбраенне Мінскага трактарнага завода і зрабіць па сутнасці новы завод, заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка журналістам 26 чэрвеня.

„Самае галоўнае зараз — вызначыць аптымальную канфігурацыю, гэта значыць суадносіны, колькі трэба ўкласці інвестыцый і якая атрымаецца ад гэтага аддача. Ужо шмат працы зроблена па падрыхтоўцы канцэпцыі тэхпераўзбраення прадпрыемства”, — сказаў Галоўчанка, відэафрагмент выступлення якога прыводзіць прэс-служба ўрада.

Паводле яго слоў, на прадпрыемстве працягваецца праца па павышэнні канкурэнтаздольнасці прадукцыі. „На заводзе ўжо рэалізаваныя сур’ёзныя праекты, якія дазволілі павысіць якасць апрацоўкі дэталяў, іх рэсурс, але гэта пакуль участкамі зроблена. Задача стаіць, каб практычна цалкам зрабіць новы завод”, — падкрэсліў Галоўчанка.

Паводле яго слоў, складанасць у тым, каб рабіць яго не на пустым месцы, „як было б прасцей”, а трэба „захаваць пляцоўку, трэба інтэграваць новыя ўчасткі ў існую структуру прадпрыемства”. У сувязі з гэтым прэм’ер-міністр паведаміў, што вядуцца перамовы з рознымі пастаўшчыкамі абсталявання для тэхпераўзбраення МТЗ.

„Вядуцца напружаныя перамовы з сусветнымі лідарамі, пастаўшчыкамі абсталявання і тэхналогій для таго, каб зрабіць гэта на выгадных для краіны ўмовах. Задача заключаецца ў тым, каб закупіць абсталяванне найбольш эканамічна і прыцягнуць фінансаванне ад пастаўшчыкоў абсталявання”, — растлумачыў Галоўчанка.

Ён дадаў, што сусветныя пастаўшчыкі абсталявання „з задавальненнем” хочуць удзельнічаць у тэндарах, якія пройдуць для тэхпераўзбраення МТЗ.

Пры гэтым прэм’ер-міністр даў зразумець, што мадэрнізацыя МТЗ не павінна нараджаць фіскальных рызык. „Умова, якую завод ставіць, у тым, што пастаўшчыкі абсталявання павінны прыходзіць са сваімі грашыма, каб гэта ніякім чынам не клалася на бюджэт”, — падкрэсліў Галоўчанка.

У канцы траўня МТЗ наведаў Аляксандр Лукашэнка. Тады ён заявіў, што ў завода шмат канкурэнтаў і каб у гэтых умовах выстаяць, трэба выпускаць якасную тэхніку. Пры гэтым Лукашэнка выступіў катэгарычна супраць прыватызацыі трактарнага завода.

„Дзяржуласнасць, якая ў нас ёсць, у тым ліку гэты завод (ён жа дзяржаўны), заўтра прададуць і гэтыя грошы накіруюць на нейкія рэформы. Думаю (я ж ужо не першы год прэзідэнт): напэўна, прададуць, але грошы не пойдуць на рэформы. Мы гэта ўжо бачылі ў Расіі. Грошы раскладуць па кішэнях, будзьце ўпэўненыя”, — папярэдзіў Лукашэнка.

belapan.by

Фота bestbelarus.by