Галоўчанка: Усе прадпрыемствы працуюць у штатным рэжыме



Урад Беларусі кантралюе сітуацыю ў прамысловым комплексе Беларусі, заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка. Яго каментар размешчаны на сайце Савета міністраў.

„Як кіраўнік урада хачу заявіць, што сітуацыя ў прамысловым комплексе абсалютна спакойная, усе прадпрыемствы працуюць у штатным рэжыме, як бы камусьці ні хацелася паднесці па-іншаму, заявіць аб тым, што адбываюцца стачкі, забастоўкі, яшчэ што-небудзь. Мы валодаем актуальнай інфармацыяй, маніторым яе”, — сказаў Галоўчанка.

Прэм’ер-міністр лічыць, што „людзі хочуць працягваць спакойна працаваць”. „Мы бачым, што калектывы заяўляюць: дайце працаваць, дайце спакойна зарабляць, мы хочам карміць сем’і”, — адзначыў кіраўнік урада.

Паводле яго слоў, заявы пра забастоўкі з’яўляюцца спробай „стварыць міф пра нейкую дэстабілізацыі абстаноўкі”.

Ён заявіў, што „пэўныя рэсурсы фактычна спрабавалі выдаць пастановачныя сюжэты за пратэсты на прадпрыемствах, калі староннія людзі спрабавалі зымітаваць нейкія сходы каля прахадной з боку вуліцы”.

Галоўчанка заўважыў, што „паказчыкі эфектыўнасці працы ў сферы прамысловай вытворчасці паляпшаюцца, што немагчыма без стабільнай работы працоўных калектываў”.

„Урад кантралюе сітуацыю, мы знаходзімся ў цесным кантакце з кіраўнікамі прадпрыемстваў, прафсаюзнымі арганізацыямі. Мы бачым спробу разгайдаць сітуацыю. Натуральна, мы правяралі інфармацыю, верыфікавалі, і адказна заяўляю, што ніякіх падстаў верыць гэтым чуткам, я б нават назваў іх правакацыямі, няма”, — сказаў прэм’ер-міністр.

„Можа, незадаволенасць дзесьці будзе прысутнічаць. Але гэта не звязана з нейкай электаральнай кампаніяй, ёсць цывілізаваныя метады вырашэння працоўных спрэчак”, — дадаў ён.

Раней паведамлялася аб стыхійных мітынгах супраць вынікаў выбараў і страйках на шэрагу прадпрыемстваў. Так, на Мінскім электратэхнічным заводзе імя Казлова 11 жніўня прайшоў стыхійны мітынг з удзелам прыкладна 150 чалавек. Як паведаміў БелаПАН вядучы інжынер прадпрыемства Віталь Чычмароў, работнікі завода заявілі, што не згодныя з вынікамі выбараў і „несумленным падлікам галасоў” і запатрабавалі „неадкладнага спынення гвалту ў дачыненні да мірных і бяззбройных грамадзян, якія маюць права выказваць сваю палітычную пазіцыю ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Беларусі”. Яны таксама запатрабавалі вызвалення „затрыманых падчас мірных дэманстрацый і непрыцягнення іх да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці як удзельнікаў несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў”.

11 жніўня перад прахадной Мінскага трактарнага завода прайшоў стыхійны мітынг работнікаў прадпрыемства.

10 жніўня адбылася „палітычная забастоўка” ў адным з цэхаў БМЗ (Жлобін Гомельскай вобласці).

belapan.by