Гаспадары плануюць зрабіць кавярню „Кава-паўза” месцам дзіцячых успамінаў



Колькасць пунктаў грамадскага харчавання ў Гародні, у выніку яго бязвізавага статусу, значна падвысілася. Але не ўсе яны для наведнікаў навідавоку. У Гародні ўжо з месяц як працуе прыватная кавярня „Кава-паўза”, што на вуліцы Вялікай Траецкай у старой камяніцы.

Яе гаспадыня Сняжана Курыцкая мае даўнюю мару – зрабіць кавярню месцам дзіцячых успамінаў. Дапамагаюць ажыццявіць гэтую мару ім яе дочкі.

– З дзеткамі часта не пагуляеш. А хочацца проста выйсці, каб бацькі правялі час са сваімі дзецьмі. І потым з гэтых момантаў складаюцца ўспаміны дзяцей пра дзяцінства, пра тыя мясціны, куды яны хадзілі з бацькамі. Мне хочацца быць гэтым месцам, пра якое дзеці потым будуць згадваць.

Да паслугаў: якасная кава, дысерт. А штоаўторак гаспадыня кавярні адлічвае дзесяць адсоткаў сумы ад прыбытку – на дабрачыннасць. Сняжана Курыцкая мяркуе, што ўжо шмат хто з гарадзенцаў-прадпрымальнікаў разглядаюць як нармальную справу — выдаткаванне часткі сваіх даходаў для дабрачыннасці. Кажа ўласніца кавярні:

– Проста збіраем суму. А наогул шмат тых, хто мае патрэбу ў невялікіх, вялікіх сумах. На самой справе гэта не зусім важна, колькі грошай пойдзе. Галоўнае, каб яны выдаткоўваліся і назапашваліся. Таму што, калі нішто не будзе адлічвацца, то не будуць назапашвацца сродкі нават і пакрысе. Людзі – проста людзі, у тым ліку і ў бізнесе.

У развіцці сацыяльнага прадпрымальніцтва ў Гародні дапамогуць адмысловыя курсы „Good impact”. Якія пачнуць працу ўжо сёлета. Іх арганізуе „Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых”. Школа будзе працаваць адразу ў трох местах Беларусі – Гародні, Гомлі і Менску.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя