„Газпрам” адмовіўся браніраваць транзіт праз Польшчу на сакавік



Аўкцыён па браніраванні транзіту расейскага газу па трубе Ямал – Еўропа ў Германію на сакавік завяршыўся адмовай „Газпрама” купіць прапанаваныя Польшчай магутнасці (89,1 млн кубаметраў у суткі).

Не прыняў „Газпрам” і прапанову „Аператара ГТС Украіны” купіць дадатковыя транзітныя магутнасці звыш кантракту. У прыватнасці, у сакавіку Украіна прапанавала дадатковы сутачны аб’ём да 9,8 млн кубаметраў праз газаразмеркавальную станцыю «Суджа» і да 5,2 млн – праз станцыю «Сахраноўка». Але прапанова не выклікала цікавасці ў расейскага пастаўшчыка.

У адпаведнасці з кантрактам „Газпрам” абавязаўся транспартаваць праз Украіну 40 млрд кубоў газу ў гэтым годзе. Гэта прадугледжвае сярэднясутачны аб’ём прапампоўкі 109,5 млн кубаметраў. Аднак, паводле звестак украінскага газатранспартнага аператара, на мінулым тыдні сутачная прапампоўка паліва трымалася на ўзроўні 97 млн ​​кубоў, у выхадныя — 51,8 млн.

Кошты на газ у Еўропе на фоне гэтай навіны трымаюць падвышальны трэнд. Сакавіцкія ф’ючэрсы на хабе TTF у Нідэрландах да поўдня пераадолелі адзнаку $1031,8 за 1000 кубоў. Падаражанне з моманту адкрыцця гандлёвай сесіі складае амаль 14 працэнтаў.

Газавыя трэйдары, як і нафтавыя, закладваюць у кошты таксама прэміі за рызыку, звязаную з ростам геапалітычнай напружанасці вакол Украіны, паведамляе officelife.media.

[manual_related_posts]