«Газпром» аднавіў будаўніцтва свайго комплексу ў Менску



Даччынае прадпрыемства ПАТ „Газпром” у Беларусі аднавіла будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу „Газпром цэнтр” у Менску, паведаміў БелаПАН намеснік старшыні камітэта будаўніцтва і інвестыцый Менгарвыканкама Мікалай Бутрым.

Паводле яго слоў, загад на раскансервацыю аб`екта быў падпісаны яшчэ ў красавіку кіраўніцтвам ААТ „Газпрам трансгаз Беларусь”. Гэта адбылося адразу пасля ўрэгулявання нафтагазавай спрэчкі паміж Беларуссю і Расеяй.

Цяпер кампанія шукае новага генеральнага падрадчыка. Са старым — ААТ „Мінскпрамбуд” — дагавор быў скасаваны. Гэта адбываецца аўтаматычна пасля кансервацыі будаўніцтва, растлумачыў Бутрым. Новы генпадрадчык пакуль не выбраны. „Нам яшчэ не паведамілі”, — сказаў намеснік старшыні камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама.

Адказваючы на пытанне, ці вядуцца рэальныя работы на пляцоўцы, ён параіў звярнуцца да заказчыка праекта, аднак у ААТ „Газпром трансгаз Беларусь” гэту інфармацыю не каментуюць.

Будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу „Газпром цэнтр” у Менску было закансервавана ў канцы снежня 2016 года, хоць фактычна работы на аб`екце спыніліся ў канцы лета. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, асноўнай прычынай прыпынення будаўніцтва стала скарачэнне фінансавання праекта з боку „Газпрома” з-за газавай спрэчкі паміж Беларуссю і Расеяй. Яшчэ адной прычынай называлі тэхнічныя праблемы, звязаныя з вышыннай часткай будынка.

Узвядзенне шматфункцыянальнага комплексу „Газпром цэнтр” пачалося ў жніўні 2015 года на скрыжаванні вуліцы Філімонава і праспекта Незалежнасці — там, дзе раней размяшчаўся аўтавакзал „Маскоўскі”. Плошча будоўлі складае 8,27 га. Мяркуецца, што комплекс будзе ўключаць офісы расійскага „Газпрома”, гасцініцу, паркінг, фізкультурна-аздараўленчы комплекс і медыцынскі цэнтр. Акрамя таго, на тэрыторыі аб`екта плануецца размясціць дзіцячы цэнтр развіцця і спадарожныя аб`екты гандлю і паслуг. Першапачаткова заяўлялася, што будаўніцтва будзе завершана ў 2018 годзе. Арыенціровачны памер інвестыцый — 900 млн долараў.

Знос аўтавакзала ў сувязі з будаўніцтвам „Газпром цэнтра” выклікаў незадаволенасць у многіх мінчан.

БелаПАН