Германія часова спыніла сертыфікацыю газаправоду «Паўночны паток — 2»
Федэральнае агенцтва Германіі па сетках (Bundesnetzagentur) часова спыніла працэдуру сертыфікацыі газаправоду Nord Stream 2 AG як незалежнага аператара перадачы, піша «Свабода».

«Пасля пільнага вывучэння дакументацыі Bundesnetzagentur прыйшло да высновы, што сертыфікаваць аператара газаправода «Паўночны паток — 2» можна будзе толькі ў тым выпадку, калі гэты аператар будзе арганізаваны ў юрыдычнай форме адпаведна нямецкаму заканадаўству», — адзначаецца ў паведамленні.
Цяпер кампанія-аператар «Паўночны паток — 2» базуецца ў Швейцарыі. У Германіі створана яе даччыная кампанія для кіравання нямецкай часткай газаправоду. Паводле Федэральнага агенцтва, гэтая даччыная кампанія мусіць яшчэ стаць уладальніцай і аператарам нямецкай часткі газаправоду, і толькі пасля гэтага павінна выканаць патрабаванні незалежнага аператара, згодна з законам аб энергетычнай прамысловасці Германіі.
«Працэдура сертыфікацыі застанецца прыпыненай, пакуль асноўныя актывы і чалавечыя рэсурсы не будуць перададзены даччынай кампаніі і Федэральнае агенцтва не зможа праверыць, ці завершана дакументацыя, якую даччыная кампанія мусіць падаць паўторна. Калі гэтыя патрабаванні будуць выкананыя, Федэральнае агенцтва зможа аднавіць сертыфікацыю ў апошнія чатыры месяцы, як гэта прадугледжана ў законе, і падрыхтаваць праект рашэння і перадаць яго ў Еўрапейскую камісію для заключэння», — патлумачылі ў Федэральным агенцтве Нямеччыны па сетках.
Пра часовае спыненне працэдуры Bundesnetzagentur загадзя паінфармавала Федэральнае міністэрства эканомікі і энергетыкі (BMWi) і Еўрапейскую камісію.
