„Гомельтранснафта Дружба” абвяргае інфармацыю расейскай „Транснефці”



ААТ „Гомельтранснафта Дружба” цалкам выключае выкарыстанне забруджанай нафты пры транспартаванні ў напрамку Польшчы і Украіны, а таксама ў ААТ „Мазырскі НПЗ”. Адпаведная заява размешчаная на сайце „Гомельтранснафта Дружбы”.

Расейская кампанія „Транснефць” раней 20 чэрвеня паведаміла, што на ўчастку трубаправода „Дружба”, які ідзе з Беларусі ў Польшчу, было зафіксаванае новае забруджванне нафты хлорарганікай, перадае РБК. Перавышэнне норм па хлорарганіцы выяўленае пасля правядзення аналізу на прыёмна-прапускным пункце „Адамава Застава”, праз які нафта паступае ў Польшчу. З-за гэтага вечарам 19 чэрвеня прапампоўка нафты па ўчастку трубаправода, які кантралюе польскі аператар PERN, была прыпыненая, а праз нейкі час — адноўленая.

У заяве прадпрымства „Гомельтранснафта Дружба” адзначаецца, што па факце выяўлення павышанай канцэнтрацыі арганічных хларыдаў у кропкавай пробе на пункце прыёму нафты ў Адамаве было неадкладна прыпыненае транспартаванне ў напрамку Польшчы.

„У ноч на 20.06.2019 на тэрыторыі Беларусі ААТ „Гомельтранснафта Дружба” выкананы адбор кропкавых пробаў з усіх нітак трубаправода і дапаможных сістэм (дрэнажных ёмістасцяў) у пяці пунктах на працягу 130 км ад дзяржаўнай мяжы ў напрамку Мазыра. Аналіз адабраных узораў ў акрэдытаванай лабараторыі не пацвердзіў перавышэнне ў іх канцэнтрацыі арганічных хларыдаў”, — гаворыцца ў заяве.

Дадатковыя кропкавыя ўзоры на прыёмна-прапускным пункце „Адамава” таксама не пацвердзілі забруджанне нафты. Прыёма-здатачныя выпрабаванні, выкананыя на ПСП „Адамава” для абедзвюх партый нафты за 19 чэрвеня, кажуць пра поўную адпаведнасць Дасту.

„Здагадкі пра прычыны забруджвання, якія абмяркоўваюцца на ўзроўні рабочых кантактаў, не пацвердзіліся. Прычыны высвятляюцца”, — паведамляе „Гомельтранснафта Дружба”.

Забруджаная хлорарганікай сыравіна пачала паступаць па трубаправодзе „Дружба” ў Беларусь у красавіку. З-за няякаснай расійскай нафты на Мазырскім НПЗ выйшла са строю дарагое абсталяванне. Неўзабаве транзіт нафты ў Еўропу па трубаправодзе „Дружба” быў спынены цалкам. Пастаўкі чыстай нафты на тэрыторыю Беларусі аднавіліся ў пачатку траўня.

belapan.by