Грамадзянін Беларусі атрымаў дазвол купіць украінскі „БТА Банк”
Антыманапольны камітэт Украіны даў дазвол грамадзяніну Беларусі на набыццё больш за 50% акцый украінскага АТ „БТА Банк”, паведамляецца на сайце АМКУ.
„Выдадзены дазвол фізічнай асобе — грамадзяніну Рэспублікі Беларусь на набыццё акцый акцыянернага таварыства „БТА Банк” (Кіеў, Украіна), што забяспечвае перавышэнне 50% галасоў у вышэйшым органе кіравання таварыства”, — гаворыцца ў паведамленні.
Прозвішча грамадзяніна Беларусі і ўмовы здзелкі не раскрываюцца.
Банк зарэгістраваны 10 снежня 1992 года і з’яўляецца правапераемнікам ААТ „Украінскі крэдытна-гандлёвы банк”.
У цяперашні час адзіным акцыянерам АТ „БТА БАНК” (Украіна) з’яўляецца казахстанскае АТ „БТА Банк”. Мажарытарным акцыянерам АТ „БТА Банк” (Казахстан) з’яўляецца казахстанскі прадпрымальнік Кенес Ракішаў.
Паводле вынікаў 2019 года банк атрымаў 11,44 млн грыўняў чыстага прыбытку ў параўнанні з 122,06 млн грыўняў страты годам раней.
Паводле звестак Нацбанка Украіны, на 1 кастрычніка 2020 года „БТА Банк” займаў 71-е месца па памеры актываў сярод 74 банкаў, што дзейнічалі ва Украіне.
