Грашовыя даходы насельніцтва за снежань індэксуюцца на 5,2%



Грашовыя даходы насельніцтва за снежань 2020 года індэксуюцца на 5,2%, паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

„Улічваючы, што індэкс спажывецкіх цэн за снежань 2020 года не перавысіў пяціпрацэнтны парог да лістапада 2020 года (месяца папярэдняй індэксацыі), для індэксацыі грашовых даходаў, устаноўленых ад базавай велічыні і базавай стаўкі, за снежань прымяняецца такі ж працэнт, як і за лістапад — 5,2%”, — растлумачылі ў Мінпрацы.

Адзначана: у сувязі з тым што нарматыў індэксацыі ўстаноўлены ў 100% зацверджанага бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, які дзейнічае на момант індэксацыі (258 рублёў 11 капеек), то сума індэксацыі грашовых даходаў за снежань 2020 года пры іх памеры не меншым за названы нарматыў, як і ў папярэдні месяц, складзе 13 рублёў 42 капейкі. Калі памер грашовых даходаў ніжэйшы за названы нарматыў, то сума індэксацыі складзе 5,2% ад іх фактычнага значэння.

Індэксацыі падлягаюць наступныя віды грашовых даходаў фізічных асоб, што выплачваюцца з бюджэтных крыніц і не маюць аднаразовага характару: заработная плата і выплаты, якія ажыццяўляюцца на аснове сярэдняга заробку; дапамогі па беспрацоўі; стыпендыі работнікам, накіраваным на павышэнне кваліфікацыі, перападрыхтоўку, стажыроўку ў вочнай (дзённай) форме навучання ў іншы населены пункт; стыпендыі клінічным ардынатарам; стыпендыі грамадзянам у перыяд прафесійнай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі па накіраванні органа па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гарадскога, раённага выканаўчага камітэта.

Мінімальная заработная плата за снежань 2020 года склала 388 рублёў 42 капейкі (з улікам індэксацыі, праведзенай за лістапад).

Мінпрацы таксама паведамляе, што бюджэт пражытковага мінімуму павышаны 1 лістапада 2020 года, у сувязі з гэтым грашовыя даходы, устаноўленыя ад гэтага сацыяльнага нарматыву, індэксацыі за снежань не падлягаюць.

Насельніцтву, якое атрымлівае даходы на тэрыторыі Беларусі з іншых крыніц, пакрыццё страт ад інфляцыі ажыццяўляецца на падставах, прадугледжаных калектыўнымі дамовамі (пагадненнямі).

belapan.by