Heineken прадаў бізнес у Беларусі



Міжнародны піваварны канцэрн Heineken N.V. прадаў свой завод у Бабруйску групе Oasis. Дадзеную інфармацыю TUT.BY пацвердзілі інфармаваныя крыніцы.

«Кампаніі Heineken і Oasis дамовіліся пра аб’яднанне сваіх падраздзяленняў у Беларусі ў адну кампанію, якая будзе належаць і кіравацца кампаніяй Oasis, у той час як Heineken прадаставіць ліцэнзіі на вытворчасць і продаж піва пад сваімі брэндамі, а таксама працягне забеспячэнне кантролю якасці і маркетынгавай падтрымкі», гаворыцца ў паведамленні транснацыянальнай кампаніі.

Heineken прыняў рашэнне аб новым этапе развіцця сваёй стратэгіі ва Усходняй Еўропе. У сувязі з гэтым зменіцца фармат прысутнасці кампаніі ў Беларусі, сказана ў прэс-рэлізе.

Бакі не раскрываюць сумы здзелкі. Завяршэнне здзелкі і часовыя рамкі з’яўляюцца прадметам неабходных адабрэнняў з боку рэгулюючых органаў, гаворыцца ў паведамленні.

Канцэрн Heineken N. V. выйшаў на беларускі рынак у снежні 2007 года, набыўшы ў Бабруйску піўзавод «Сябар». Затым галандская кампанія стала ўласнікам «Рэчыцапіва». У 2013 годзе на фоне падзення рынку і незадаволенасці ўладаў кампанія сканцэнтравала вытворчасць піва і квасу ў Бабруйску, а ў Рэчыцы засталіся саладоўня, склад і дыстрыбуцыйны цэнтр, колькасць персаналу знізілася з 160 да 90 чалавек. Цяпер усе гэтыя актывы адышлі Oasis.

Tut.by