Імпарт нафтапрадуктаў у Беларусь з Расеі скараціўся да мінімуму



У верасні Беларусь увязла найменшы сёлета аб’ём нафтапрадуктаў з Расеі, сведчаць афіцыйныя звесткі.

У першым паўгоддзі Беларусь штомесяц імпартавала з Расеі прыблізна 300-400 тыс. тон нафтапрадуктаў, аднак у трэцім квартале сітуацыя змянілася. Так, у ліпені было імпартавана 237 тыс., у жніўні — 141,9 тыс., у верасні — 106 тыс. тон нафтапрадуктаў. Усяго за студзень—верасень Беларусь атрымала 2,6 млн тон нафтапрадуктаў з Расеі на 1.018,7 млн даляраў.

У фізічным выражэнні ў студзені—верасні Беларусь павялічыла імпарт расейскіх нафтапрадуктаў на 15%, у вартасным — на 42,8%.

Сёлета Расея ўзняла пытанне аб абмежаванні паставак нафтапрадуктаў у Беларусь. Расейскія ўлады матывавалі гэта стратамі бюджэту ў сувязі з магчымым рээкспартам нафтапрадуктаў з тэрыторыі Беларусі.

Паводле інфармацыі БелаПАН, яшчэ ўлетку з ініцыятывы расейскага боку было падрыхтаванае рашэнне аб абмежаванні паставак нафтапрадуктаў з Расеі ў Беларусь.

10 кастрычніка паводле вынікаў перамоў урадаў дзвюх краін віцэ-прэм’еры Беларусі і Расеі Ігар Ляшэнка і Дзмітрый Казак падпісалі пратакол аб унясенні зменаў у міжурадавае пагадненне аб мерах па ўрэгуляванні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў. У дакуменце ўзгодненыя індыкатыўныя балансы і пратаколы па нафтапрадуктах на лістапад—снежань 2018 года і на 2019 год.

Міністр энергетыкі Расеі Аляксандр Новак у кастрычніку паведаміў журналістам, што індыкатыўныя балансы прадугледжваюць нулявыя пастаўкі ў Беларусь аўтабензіну, дызельнага паліва і мазуту расейскай вытворчасці.

Пратакол, падпісаны віцэ-прэм’ерамі дзвюх краін, прадугледжвае, што з лістапада 2018 года Беларусь з Расеі можа імпартаваць толькі нафтапрадукты, якія не вырабляюцца ў рэспубліцы.

belapan.by