Прадпрымальнікі распрацавалі “народны праект”



Беларускія прадпрымальнікі дамагаюцца раўнапраўнага дыялогу з уладай. Гэтае патрабаванне стала галоўным падчас форуму прадпрымальнікаў у Менску, які арганізавала грамадскае аб’яднанне “Перспектыва”. На форум з’ехаліся 240 прадстаўнікоў малога бізнэсу з больш як 15 гарадоў Беларусі. На форуме прадставілі так званы “народны праект” указу аб індывідуальных прадпрымальнікаў. “Ён мае стаць рэальным крокам для наладжвання стасункаў паміж малым бізнесам і ўладамі”, – кажа старшыня “Перспектывы” Анатоль Шумчанка:

– „Народны праект” – гэта нашая прапанова як спрасціць працу прадпрымальнікаў, вярнуць іх на рынкі і гандлёвыя цэнтры і палепшыць сітуацыю, каб не было адтоку. Наш праект – ён вырашае гэтыя задачы. Таму мы плануем звярнуцца ў Міністэрства эканомікі для таго, каб Міністрэства эканомікі звярнулася у Савет міністраў і прапанавала гэты праект кіраўніку дзяржавы. Сёння мы вырашылі, што стварым у рамках арганізацыі працоўную группу і пачнем прапрацоўваць гэты праект.

Удзельнікі Форуму, на якім прысутнічалі і прадстаўнікі адпаведных міністэрстваў і ведамстваў, прынялі праект і далі ўраду час разгледзець яго да 1 лютага наступнага году. У выпадку адмоўнай рэакцыі з боку ўраду – прадпрымальнікі пачнуць кампанію па зборы подпісаў у падтрымку “народнага праекту”, – падкрэсліў Анатоль Шумчанка.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя