Інфляцыя ў Беларусі з пачатку года склала 3,3%



Спажывецкія цэны ў красавіку 2020 года ў параўнанні з сакавіком выраслі на 0,6%, да ўзроўню снежня 2019-га — на 3,3%, у гадавым вымярэнні інфляцыя склала 5,4%, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт.

Для параўнання: спажывецкія цэны ў красавіку 2019 года ў параўнанні з сакавіком выраслі на 0,04%, да ўзроўню снежня 2018-га — на 2,7%.

У красавіку 2020 года ў адносінах да сакавіка цэны на харчовыя тавары выраслі на 1,3% (з пачатку года — на 3,5%), на нехарчовыя — на 0,3% (2,8%), на паслугі — знізіліся на 0,2% (выраслі на 3,8%).

Інфляцыя ў 2020 годзе, паводле планаў урада, не павінна перавысіць 5%. Па выніках 2019 года інфляцыя склала 4,7%.

Еўразійскі банк развіцця прагназуе паскарэнне інфляцыі ў Беларусі ў найбліжэйшыя месяцы, гаворыцца ў падрыхтаваным раней аглядзе аналітычнай дырэкцыі ЕАБР. У ім адзначалася, што ў сакавіку гадавая інфляцыя паскорылася да 4,9% (4,4% месяцам раней).

„Дынаміка паказчыка пераважна тлумачыцца павышэннем базавага індэкса спажывецкіх цэн, які характарызуе змяненне кошту таварных пазіцый, што не зведваюць прамога ўплыву адміністрацыйнага фактару”, — сцвярджаюць аналітыкі. Яго месячны прырост без уліку сезонных ваганняў, паводле разлікаў ЕАБР, у сакавіку аказаўся максімальным з лютага 2016 года і склаў амаль 1%. Паводле ацэнак экспертаў, ключавым фактарам паскарэння паслужыла істотнае аслабленне беларускага рубля, дадатковым — часовы ажыятажны попыт насельніцтва на асобныя тавары.

„У найбліжэйшыя месяцы мы чакаем далейшага павелічэння гадавых тэмпаў росту спажывецкіх цэн, прычынай якога стане эфект пераносу зніжэння кошту нацыянальнай валюты”, — адзначылі аналітыкі ЕАБР.

У другой палове года, на іх думку, значны дэзынфляцыйны ўплыў акажа аслабленне ўнутранага попыту, што дазволіць захаваць інфляцыю паблізу мэтавага арыенціру.

На думку некаторых беларускіх эканамістаў, у 2020 годзе інфляцыя перавысіць афіцыйны прагноз і можа скласці каля 10%. Афіцыйны прагноз быў вызначаны ў мінулым годзе і не прадугледжваў ні ўзнікнення глабальнага эканамічнага крызісу, ні пандэміі, ні рэзкіх скачкоў на валютным рынку. Таму пра ўтрыманне інфляцыі ў межах 5% у гэтым годзе можна ўжо забыцца, лічаць эксперты.

belapan.by