ІП: Дзяржава нас хоча прасвечваць як на рэнтгене
Шэраг прапановаў па паляпшэнні працы індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі прыняў Форум прадпрымальнікаў, які прайшоў пад эгідай рэспубліканскага аб’яднання „Перспектыва”. Сітуацыя з выжываннем такой праслойкі працуючага грамадства, як індывідуальныя прадпрымальнікі, цалкам ляжыць на указах прэзідэнта 222, 87. Рэзалюцыя разослана па ўсіх міністэрствах і ведамствах, якія займаюцца сферай індывідуальнага прадпрымальніцтва.
Кажа адзін з дэлегатаў форуму Андрэй Шасьцяракоў:
– Гэта народны праект, праца без дакументаў па аналогіі з указам 285, па якім мы працавалі ранней. Наступныя пытанні – па чыпаванні пакуль толькі скуранога абутку. Пытанні Фонда сацыяльнай абароны, прынцып: працуеш – плаціш, не працуе – не плаціш. Да гэтай пары пытанне застаецца нявырашаным. Пытанні па 488 указе – гэта ілжэпрадпрымальніцтва.
Паказальна, што за апошнія гады нарматыўныя дакументы, якія прымаюцца ўладамі, ніяк не паляпшаюць умовы вядзення бізнесу ў Беларусі. Наадварот, ускладняецца сама схема працы прадпрымальніка. Дробны гандаль чакае павелічэнне афармлення дакументацыі, электроннае дэклараванне, а таксама стала вядома, што ўлады прымаюць праграму па адсочванні тавара.
Гаворыць Андрэй Шасьцяракоў:
– На 2018 год дзяржава вырашыла ўвесці для ўсіх у абавязковым парадку касавыя падсумоўваючыя апараты, сістэму кантроля прабівання чэка. Гэта значыць, у рэжыме анлайн падатковы інспектар бачыць, ці прадалі вы і па якой цане свой тавар. Атрымліваецца дакладная сістэма адсочвання руху, рэалізацыі і паступлення тавару. Нас будуць прасвечваць як на рэнтгене.
У рэзалюцыі Форум прадпрымальнікаў патрабуе ўключыць у раду па развіцці прадпрымальніцтва пры прэзідэнце прадстаўнікоў аб’яднання „Перспектыва”, для кантроля над вядзеннем за нарматыўнай дзейнасцю ўлалаў. Прадпрымальнікі вымагаюць зьменшыць шрафныя санкцыі на 50%, забарону канфіскацыі тавараў, забарону навязвання экспертызаў якасці, забарону іншых нематываваных праверак дзейнасці прадпрымальнікаў. Прадпрымальнікі патрабуюць арэндную плату за свае рабочыя месцы не прывязваць да замежнай валюты.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
