Іспанскі інвестар пабудуе ў Віцебску завод па вытворчасці шпону



Іспанская дрэваапрацоўчая кампанія Losan пабудуе ў Віцебску завод па вытворчасці шпону. Як паведамляе Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі (НАІП), кампанія зарэгістраваная ў якасці новага рэзідэнта СЭЗ „Віцебск”.

Прадукцыя завода будзе цалкам экспартавацца. Адзначаецца, што ў ходзе рэалізацыі праекта плануецца стварыць не менш як 82 новыя працоўныя месцы. У якасці крыніцы сыравіны разглядаецца пераважна рынак Расеі.

19 жніўня кампанія Losan зарэгістравала ў якасці рэзідэнта свабоднай эканамічнай зоны „Віцебск” сваю беларускую юрыдычную асобу ТАА „Карэлія Венірс” з інвестыцыйным праектам па вытворчасці шпону.

Кампанія Losan была заснавана ў 1964 годзе. Паводле інфармацыі НАІП, на пачатку 2000-х дыверсіфікавала сваю дзейнасць шляхам інвеставання ў вытворчасць меланіну, а таксама засяродзілася на пашырэнні ў сферы дрэваапрацоўчай прамысловасці і вытворчасці фанернага шпону, абліцовачных паверхняў, драўняна-стружкавых пліт, фанерных пліт, піламатэрыялаў. Акрамя заводаў у Іспаніі мае вытворчасць у Румыніі, Чылі, Нідэрландах, ЗША. Налічвае больш за 1,5 тыс. супрацоўнікаў.

НАІП аказвае суправаджэнне інвестыцыйнага праекта іспанскай кампаніі ў Беларусі з вясны 2018 года.

belapan.by