Кабякоў будзе курыраваць праект „БелДжы”
Выйшла новая рэдакцыя пераліку інвестыцыйных праектаў, курыраваннем якіх займаюцца буйныя чыноўнікі.
Як паведамляюць naviny.by са спасылкай на прэс-службу Саўміна, у пералік трапілі 55 праектаў. Напрыклад, прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў будзе адказваць за праект па стварэнні вытворчасці сумесна з Кітаем легкавых аўтамабіляў маркі «БелДжы».
Паводле эканаміста Аляксандра Сінкевіча, гэта бадай адзін з самых адказных сённяшніх знешнэканамічных кірункаў Беларусі:
– Другая чарга завода «БелДжы» мусіць запрацаваць да канца гэтага года. І даволі вялікія аб’ёмы заяўленыя. У прынцыпе, прысутнасць кітайскага бізнесу ўжо зараз адчувальная ў Беларусі. І яна будзе нарошчвацца. Беларусь – вельмі цікавы транспартны калідор для кітайскага транзіту, для новага “шаўковага шляху”. І асноўная нітка шляху з Кітая ў Еўропу і наадварот будзе праходзіць праз Беларусь.
Іншым вышэйшым беларускім чыноўнікам дасталіся таксама сур’ёзныя аб’екты. Віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка працягне курыраваць будаўніцтва Беларускай АЭС, а за ягоным калегам Анатолем Калініным замацаваны праект развіцця Аршанскага авіярамонтнага завода.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя
Фота beltrade.by