Кабякоў: ВУП расце хутчэй за прагноз



ВУП расце хутчэй за прагноз, усе найважнейшыя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця выконваюцца, заявіў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў 31 ліпеня на пасяджэнні Савета міністраў, дзе разгледжаныя вынікі працы беларускай эканомікі за першае паўгоддзе і меры па выкананні пастаўленых задач на 2018 год.

„У цэлым вынікі працы эканомікі ў першым паўгоддзі 2018 года пазітыўныя. Выконваюцца ўсе найважнейшыя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця, зацверджаныя кіраўніком дзяржавы. Сацыяльныя гарантыі дзяржавы насельніцтву выконваюцца. Захоўваецца дастаткова добрая дынаміка росту”, — прыводзіць словы Кабякова прэс-служба ўрада.

Прырост ВУП склаў 4,5% пры прагнозе 2,8%. Ва ўсіх рэгіёнах адзначаецца рост валавога рэгіянальнага прадукту і прадукцыйнасці працы.

„Станоўчы вынік і па ўсіх секцыях відаў эканамічнай дзейнасці”, — адзначаецца ў рэлізе па выніках пасяджэння. У апрацоўчай прамысловасці плюс 7,9%; рост забяспечваецца па ўсіх без выключэння 13 падсекцыях, у будаўніцтве — 7,5%, у гандлі (аптовым і рознічным) — 7,8%, у сельскай гаспадарцы і транспартнай дзейнасці — 3,9% і 3,7% адпаведна. Вытворчасць машын і абсталявання павялічылася на 19,2%, транспартных сродкаў — на 13,7%, прадукцыі дрэваапрацоўкі — на 14,8%, фармацэўтычнай прадукцыі — на 11,9%.

Захоўваецца баланс у знешнім гандлі. Сальда па таварах і паслугах (за пяць месяцаў года) станоўчае — 310 млн долараў, або 1,4% да ВУП. „Вынік некалькі лепшы, чым летась, прычым ён атрыманы за кошт прыросту экспарту тавараў і паслуг, перш за ўсё ў краіны па-за СНД”, — адзначыў Кабякоў. Паводле яго слоў, акрамя экспарту энергетычных тавараў у гэтыя краіны выраслі аб’ёмы экспарту трактароў, грузавых машын, шын, металапракату, мэблі і прадукцыі дрэваапрацоўкі, лакаў і фарбаў, ільняных тканін, тавараў малакаперапрацоўкі і інш. Усяго экспарт тавараў і паслуг большы, чым за 5 месяцаў мінулага года, на 3 млрд долараў (плюс 2,4 млрд — па таварах і 0,6 млрд — па паслугах). Практычна палова прыросту экспарту тавараў сфарміраваная за кошт росту фізічных аб’ёмаў.

На пасяджэнні адзначалася, што нізкі ўзровень інфляцыі разам з „іншымі мерамі макрабалансіроўкі” дазваляюць зніжаць кошт крэдытных рэсурсаў для эканомікі. Стаўка рэфінансавання Нацбанка ў чэрвені зніжаная да 10% гадавых. Новыя крэдыты для юрыдычных асоб у рублях (без уліку льготных) у чэрвені выдаваліся пад 11,3% гадавых.

Кіраўнік урада адзначыў, што стабільнасць на валютным, крэдытна-дэпазітным і фінансавым рынках захоўваецца, давер да нацыянальнай валюты паступова расце. Тэрміновыя рублёвыя зберажэнні насельніцтва за першае паўгоддзе 2018 года павялічыліся на 412 млн рублёў. Іх доля ў агульным аб’ёме зберажэнняў насельніцтва вырасла на 3 працэнтныя пункты.

На ўнутраным валютным рынку за першае паўгоддзе сфармавалася станоўчае сальда куплі-продажу валюты ў аб’ёме 320 млн долараў. Насельніцтва на чыстай аснове прадало амаль 800 млн, юрыдычныя асобы купілі 480 млн.

Кабякоў нагадаў, што ўрад даручаў кіраўнікам прыняць меры па зніжэнні ставак па раней прыцягнутых крэдытах і змене валюты крэдытавання. „Недапушчальна, калі дзейныя стаўкі па раней выдадзеных крэдытах значна перавышаюць бягучы ўзровень кошту крэдытных рэсурсаў, больш за тое, калі кампенсацыя працэнтаў па такіх крэдытах ажыццяўляецца за кошт бюджэту”, — падкрэсліў кіраўнік урада, даручыўшы віцэ-прэм’ерам разабрацца з сітуацыяй.

belapan.by