Каля 190 кампаній прымуць удзел у італа-беларускім форуме па зялёнай эканоміцы



Каля 190 кампаній прымуць удзел у другім італа-беларускім форуме па зялёнай эканоміцы, які пройдзе ў Менску 23 красавіка, паведаміліў пасольстве Італіі ў Беларусі.

У мерапрыемстве прымуць удзел каля 50 італьянскіх і 140 беларускіх прадпрыемстваў. Сярод запрошаных – асноўныя беларускія ўрадавыя ўстановы, спецыялізаваныя асацыяцыі і прадстаўніцтвы сумесных італа-беларускіх прадпрыемстваў.

Мэта мерапрыемства – папулярызацыя перадавых дасягненняў італьянскай прамысловасці ў галіне зялёнай эканомікі з асаблівым акцэнтам на кіраванне адходамі, узнаўляльныя крыніцы (сонечныя і ветравыя электрастанцыі), энергаэфектыўнасць у грамадзянскім і прамысловым будаўніцтве, сельская гаспадарка, „разумныя гарады”. Акрамя таго, форум накіраваны на паглыбленне і пашырэнне двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва паміж італьянскімі і беларускімі прадпрыемствамі.

На форуме будуць падпісаны пратаколы аб супрацоўніцтве паміж Confindustria Belarus (асацыяцыя італьянскіх прадпрымальнікаў у Беларусі) і свабоднымі эканамічнымі зонамі Гомеля і Брэста, а таксама будзе шэраг кантрактаў паміж італьянскімі і беларускімі прадпрыемствамі.

Мерапрыемства арганізавана пасольствам Італіі ў Беларусі пры супрацоўніцтве з Confindustria Belarus і Беларускай гандлёва-прамысловай палатай.

Форум уваходзіць у праграму культурных і эканамічных мерапрыемстваў пасольства Італіі ў Менску „Жыць па-італьянску”, мэтай якой з’яўляецца комплексны падыход у папулярызацыі культуры, мовы і эканомікі Італіі ў Беларусі.

belta.by