Кампанія „МТС” павялічыла пакрыццё сувяззю 4G
Кампанія „МТС” запусціла новыя базавыя станцыі тэхналогіі сувязі LTE (4G) у Менску і Менскай вобласці — у рэгіёне запрацавалі 24 дадатковыя станцыі, 15 з якіх у сталіцы.
Усяго ж толькі ў Менску іх налічваецца больш за 200. Менавіта тут попыт на тэхналогію асабліва высокі, паведамілі БелаПАН у прэс-службе „МТС”.
Таксама аператар пашырыў пакрыццё сеткай 4G у Барысаве, Дзяржынску, Смалявічах, Бараўлянах, Стоўбцах, Калядзічах і аграгарадку Лясны. Дадатковыя базавыя станцыі LTE з’явіліся там, дзе адзначаецца рост спажывання інтэрнэт-трафіку. Галоўная перавага 4G — у хуткасцях мабільнага інтэрнэту, якія значна вышэйшыя за паказчыкі ў сетках 3G.
Як адзначылі ў кампаніі „МТС”, пашырэнне сеткі LTE працягнецца. Да канца года з’явяцца дадатковыя базавыя станцыі ў населеных пунктах, дзе ўжо ёсць сувязь чацвёртага пакалення ад „МТС”. Акрамя таго, сувяззю 4G мабільны аператар плануе пакрыць яшчэ амаль паўсотні новых гарадоў і пасёлкаў Беларусі.
Цяпер сетка LTE налічвае больш за 670 базавых станцый. Сувяззю новага пакалення ад „МТС” могуць карыстацца жыхары 50 населеных пунктаў краіны.
Кампанія „МТС” са снежня 2016 года першай сярод беларускіх сотавых аператараў пачала аказваць 4G-паслугі ва ўсіх абласных цэнтрах.
Беларуска-расейскае СТАА „Мабільныя ТэлеСістэмы” — найбуйнейшы па колькасці абанентаў аператар у Беларусі з колькасцю карыстальнікаў больш чым 5,3 мільёна.
