Кандытарская фабрыка „Чырвоны мазыранін” увайшла ў склад ААТ „Спартак”



Кандытарская фабрыка ААТ „Чырвоны мазыранін” (Нароўля, Гомельская вобласць) увайшла ў склад ААТ „Спартак” (Гомель). 5 красавіка прынятае рашэнне аб аб’яднанні фабрык пад эгідай кіруючай кампаніі „СП ААТ „Спартак”.

Як паведаміла прэс-служба канцэрна „Белдзяржхарчпрам”, „асноўная задача СП ААТ „Спартак” у інтэграцыі — павышэнне эфектыўнасці працы ААТ „Чырвоны мазыранін”, аднаго з найстарэйшых прадпрыемстваў харчовай прамысловасці Беларусі, гісторыя стварэння якога пачынаецца з 1913 года.

„Плануецца правесці работы па аптымізацыі асартыменту, мадэрнізацыі вытворчых працэсаў, зніжэнні сабекошту вытворчасці ў цэлым, а таксама мерапрыемствы па павышэнні пазнавальнасці брэнда „Чырвоны мазыранін” ва ўзаемадзеянні з брэндам „Спартак”, — адзначаюць у канцэрне.

„Гэта першы крок на шляху да стварэння кандытарскага кластара на тэрыторыі Беларусі. Гэта форма працы не паўплывае на вядомыя традыцыйныя гандлёвыя маркі „Чырвонага мазыраніна”, хутчэй узмоцніць іх пазіцыі на рынку за кошт больш моцных гандлёвых марак „Спартака”, — лічаць у канцэрне.

Як адзначыў у каментары БелаПАН выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра „Стратэгія” Яраслаў Раманчук, паглынанне менш паспяховага прадпрыемства больш паспяховым з катэгорыі далучэння стратных калгасаў да перадавых, стварэння холдынгаў і дзяржкарпарацый. „Замест таго каб зрабіць глыбокі аналіз таго, што ёсць, ідзе падмена паняццяў, ёсць толькі дапушчэнне, што ўзбуйненыя прадпрыемствы будуць лепш кіравацца, даваць лепшыя вынікі. Пры гэтым ігнаруецца вопыт цукровых, цэментных кампаній”, — адзначыў эксперт.

„Такое ўражанне, што органы дзяржкіравання затрымаліся на мадэлі зліцця і паглынання ў рамках дзяржаўных аб’яднанняў і не прапаноўваюць нічога лепшага. Гэта проста перакладанне з адной кішэні ў іншую з прэтэнзіяй атрымаць іншы вынік. Але нічога добрага не будзе, таму што адсутнічае сістэма матывацыі і рэжым кіравання не зменіцца. Ідзе толькі імітацыя працэсу паляпшэння якасці дзяржкіравання”, — лічыць Раманчук.

СП ААТ „Спартак” — адзін з найбуйнейшых вытворцаў кандытарскіх вырабаў і паўфабрыкатаў у Беларусі, які выпускае каля 350 найменняў кандытарскіх вырабаў. Справаздача аб фінансава-эканамічнай дзейнасці кандытарскага прадпрыемства за 2020 год яшчэ не апублікаваная.

Асноўным відам дзейнасці фабрыкі „Чырвоны мазыранін” з’яўляецца вытворчасць і рэалізацыя пасцільных кандытарскіх вырабаў, мармеладу, малочных і глазураваных цукерак, ірысу (усяго больш за 120 найменняў). Згодна з гадавой справаздачай, ААТ „Чырвоны мазыранін” у 2020 годзе знізіла выручку на 11,6% да 13,05 млн рублёў, страта ад рэалізацыі склала 50 тыс. рублёў, а чысты прыбытак — 13 тыс. рублёў.

БелаПАН

Фота з сайта «Белдзяржхарчпрама»