КДК праверыць тарыфы на паслугі ЖКГ па ўсёй краіне



КДК на працягу месяца праверыць усталяванне тарыфаў на паслугі ЖКГ па ўсёй краіне, заявіў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» намеснік начальніка ўпраўлення кантролю будаўніцтва, ЖКГ і сувязі Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандр Якімаў.

«Мы паглядзім сабекошт паслуг ЖКГ у кожнай арганізацыі, дойдзем да кожнага ўчастка, кожнай паслугі», – падкрэсліў Аляксандр Якімаў. Пры гэтым усе прапановы КДК будуць аформлены да канца траўня, справаздачу па кожнай вобласці прадставяць кіраўніку дзяржавы.

Прадстаўнік КДК адзначыў, што будзе прааналізавана праца не толькі непасрэдна арганізацый сістэмы ЖКГ, але і сумежных арганізацый, якія маюць дачыненне да сферы камунальных паслуг.

Падвышэнне тарыфаў на паслугі ЖКГ у гэтым годзе не плануецца, магчымая толькі іх індэксацыя. Намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ігар Фамін адзначыў, што індэксацыя будзе праходзіць у межах штоквартальнага тэмпу росту намінальнай зарплаты. «Гэта свайго роду сацыяльны інструмент абароны нашых грамадзян, каб тарыфы на ЖКГ раслі адэкватна росту даходаў», – растлумачыў ён.

belta.by