Хто далучыўся да агульнанацыянальнай забастоўкі ў Гомелі?



На заклік экс-кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай пра пачатак агульнанацыянальнай забастоўкі ў Гомелі адгукнуліся збольшага прадстаўнікі дробнага бізнесу. Аднак і прадстаўнікі прыватнага бізнесу адкрыта называць свае дзеянні забастоўкай не спяшаюцца. У паведамленнях некалькіх дзясяткаў суб’ектаў гаспадарання гаворыцца, што яны сышлі на тэхнічны перапынак альбо, калі гаворка ідзе пра кавярні і рэстараны, закрыліся на спецабслугоўванне.

Сярод вядомых гомельскіх устаноў харчавання працу спынілі карчма “Будзьма”, “Red Pub”. Пратэст падтрымліваюць таксама ўласнікі некалькіх інтэрнэт-крамаў, сервісаў абслугоўвання ровараў і будаўнічых салонаў. 

У Петрыкаве ўласнік крамы “Салеман” у адмысловым відэазвароце патлумачыў, чаму спыняе працу.

Супрацоўнікі аднаго з упраўленняў “Беларуснафты” ў Рэчыцы таксама выступілі супраць гвалту. Што да флагманаў прамысловасці, то большасць прадпрыемстваў горада пакуль што не далучыліся да страйку.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота: flagstok.info