Хто рыхтаваў пратэсты “дармаедаў”?



Грамадскі актывіст і былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Сяргей Антончык выказаўся пра тое, чаму людзі пратэставалі супраць дэкрэта аб “дармаедах”.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што сёлетняя “каляровая рэвалюцыя” ў Беларусі рыхтавалася некалькі гадоў, а адным з яе этапаў былі маршы беларусаў супраць дэкрэта “дармаедаў”. Ці так гэта?

Сяргей Антончык: Гэта ўсё спробы адвесці ўвагу людзей ад таго, з-за чаго, уласна кажучы, і пратэстуюць сёння людзі. А пратэстуюць яны супраць сфальсіфікаваных выбараў, супраць бязмернага гвалту сілавікоў у дачыненні да мірных людзей і пастаяннай хлусні.

Улады не выконваюць свае абавязкі перад грамадзянамі. Гэта тычыцца і выбараў, і стаўлення да людзей, якія сталі беспрацоўнымі. І, калі дзяржава як сістэма не працуе, то яна пачынае выдумваць розныя законы, якія абураюць людзей.

Той жа дэкрэт аб “дармаедах” прыдумалі не ў Амерыцы ці ў Бруселі, а ў Менску. Але зараз скіроўваюць увагу людзей на нейкую знешнюю пагрозу, і той жа дэкрэт, і пратэсты супраць яго таксама прыплялі. У такім выпадку не трэба адказваць на многія вострыя пытанні людзей. Калі няма хлеба, то стаўку робяць на відовішчы.

РР: Дэкрэт аб “дармаедах”, дарэчы, цалкам не адмянілі, хаця пратэсты далі свой плён…

Сяргей Антончык: Тыя, хто пры ўладзе, выкарыстоўваюць краіну для сябе. І ўсё, што ім перашкаджае, яны аб’яўляюць крамолай. Дэкрэт аб “дармаедах” — проста вар’яцкі, таму што, калі чалавек страціў працу, яму нармальная дзяржава наадварот павінна дапамагаць.

Але замест таго, каб праводзіць нейкія эканамічныя рэформы, рабіць чалавека багацейшым, яна на яго нападае. Гэта стаўленне да чалавека, як да раба. Таму народ і выйшаў на пратэсты некалькі гадоў таму, таму пратэстуюць і сёння. Людзі не хочуць пераўтварацца ў рабоў. Бо раб не мае права выбару. Ён толькі павінен працаваць за ежу, маўчаць альбо захапляцца правадыром.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя