Хто зарабляе грошы на «абароне спажыўцоў»?



Прадстаўнік Беларускага таварыства абароны спажыўцоў распавёў пра спецыфіку працы некаторых камерцыйных арганізацый.

Старшыня Пухавіцкай раённай арганізацыі ГА «Беларускае таварыства абароны спажыўцоў» Васіль Валасюк звярнуўся днямі да кіраўніка Менаблвыканкама Сямёна Шапіры і распавёў пра сітуацыю ў рэгіёне, якую трэба вырашаць. Зрэшты, як аказалася, гэта праблема тычыцца ўсёй краіны…

Васіль Валасюк: Сітуацыя гэтая з’явілася не сёння, але, тым не менш, патрабуе ўвагі. Справа ў тым, што ў Беларусі з’явіліся камерцыйныя структуры, якія займаюцца маніторынгам гандлёвых аб’ектаў з элементамі шантажу. Напрыклад, фірма, якая далей пазіцыянуе сябе далей, як змагар за правы спажыўцоў, пасля рэгістрацыі пачынае “трэсці” гандлёвыя аб’екты. Прыходзяць туды з праверкай, знаходзяць нейкія парушэнні, а пасля прапаноўваюць кіраўніцтву магазіна зрабіць выбар: альбо заплаціць за вучобу на курсах, якую праводзяць так званыя “кантралёры”, альбо, маўляў, факты парушэнняў будуць пададзены ў суадносныя органы. Як правіла, многія згаджаюцца, і гэта нагадвае “спажывецкі экстрэмізм”. Своеасаблівы шантаж. Бо сапраўднай барацьбы за правы спажыўцоў тут і не бачна. Нам нават вядома, што такія фірмы набіраюць у сваю каманду і людзей, якія ў выпадку чаго выступаюць тымі самымі абуранымі кліентамі, якія ў любы момант могуць напісаць скаргу альбо прэтэнзію.

РР: Сітуацыя з такім узаконеным махлярствам больш характэрна для сталіцы ці рэгіёнаў? 

Васіль Валасюк: Думаю, у Менску многія буйныя гандлёвыя сеткі маюць сваіх кваліфікаваных юрыстаў, якім не так проста навешаць локшыны на вушы. А вось у рэгіёнах на ўладальнікаў невялічкіх крамаў уздзейнічаць прасцей. Напрыклад, толькі за апошні час наш раён наведалі прадстаўнікі 20 арганізацый, якія правялі каля 200 праверак без дакументальнага афармлення. Вывезлі з раёна каля 300 недэнамінаваных рублёў грошай. Таму, калі нам і трэба змагацца за якасць тавараў і абслугоўвання, то рабіць гэта трэба цывілізавана, у межах закона. А хтосьці вырашыў на гэтым проста добра зарабляць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя