Кіраўнік Мінсельгасхарча: Драматызаваць сітуацыю не трэба



Беларусь працягвае перамовы са спецыялістамі Рассельгаснагляду ў сувязі з абмежаваннямі на пастаўку беларускай сельгаспрадукцыі ў Расею. Пра гэта паведаміў журналістам міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц 6 чэрвеня падчас адкрыцця 27-й міжнароднай спецыялізаванай выставы „Белагра-2017”.

„Нармальна ідуць перамовы. Усё прадаецца, вялікіх запасаў няма. Драматызаваць сітуацыю не трэба. Дзякуй богу, асвойваем рынкі трэціх краін, перспектыўныя рынкі”, — сказаў ён.

Заяц звярнуў увагу на станоўчую дынаміку паступленняў валютнай выручкі ад продажу сельгаспрадукцыі ў першым квартале 2017 года. Паводле яго слоў, калі за ўвесь мінулы год выручка склала 3,1 млн долараў, то за чатыры месяцы гэтага года ўжо атрымана 5,6 млн долараў.

„Міністэрства сельскай гаспадаркі і ўрад расчысцілі нейкі фарватар на пастаўкі нашай прадукцыі на рынкі трэціх краін. Там, дзе яе чакаюць, я запэўніваю вас, што ўдзячныя нашай краіне за якасць прадукцыі”, — сказаў ён.

У якасці прыкладу Заяц прывёў плануемае павелічэнне паставак беларускіх прадуктаў харчавання на кітайскі рынак.

З 15 мая Рассельгаснагляд увёў рэжым ўзмоцненага лабараторнага кантролю ў дачыненні да дзевяці беларускіх малочных прадпрыемстваў і часова абмежаваў пастаўкі прадукцыі яшчэ з сямі. Усяго, паводле даных расейскага ведамства, пад рознага роду абмежаваннямі знаходзяцца больш за 30 беларускіх прадпрыемстваў. У красавіку і траўні дзве групы прадстаўнікоў ведамства інспектавалі прадпрыемства ў розных рэгіёнах Беларусі, у выніку былі дазволеныя пастаўкі прадукцыі двух з іх.

25 траўня кіраўнік Рассельгаснагляда Сяргей Данкверт заявіў, што ў беларускай прадукцыі выяўлены рэшткі антыбіётыкаў для лячэння венерычных захворванняў у кароў. У адказ на гэта намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Аляксандр Субоцін 26 траўня паведаміў, што Мінсельгасхарч праводзіць інтэнсіўную працу, „каб звесці да мінімуму выкарыстанне антыбіётыкаў”.

Як раней паведамлялася, беларускія праваахоўныя органы па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі праводзяць у дачыненні да Данкверта праверку на прадмет прыцягнення яго да крымінальнай адказнасці за нанясенне ўрону Беларусі.

belapan.by