Кіраўнік місіі МВФ: Беларуская эканоміка застаецца ўразлівай



Беларуская эканоміка застаецца ўразлівай, заявіў кіраўнік місіі Міжнароднага валютнага фонду Пітэр Долман 9 лістапада ў Менску на сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў.

Долман падкрэсліў, што, калі ён два з паловай гады таму ўпершыню наведаў Беларусь у якасці кіраўніка місіі фонду, эканоміка краіны знаходзілася ў крызісе, некалькі гадоў запар назіраўся спад. „І з ліпеня 2015 года мы назіралі ў Беларусі шэраг вельмі цяжкіх змяненняў у галіне эканамічнай палітыкі. Я ведаю, што тыя рашэнні, якія вы прымалі, былі няпростымі”, — заявіў прадстаўнік МВФ.

Паводле слоў Долмана, ва ўмовах абмежаванасці рэсурсаў заканадаўцы вымушаныя скарачаць і дзяржаўныя выдаткі. „Мы лічым, што тыя складаныя рашэнні ў галіне бюджэту, грашова-крэдытнай палітыкі былі балючымі, але дазволілі стварыць умовы для эканамічнага росту, які мы назіраем цяпер”, — сказаў ён.

Кіраўнік місіі асабліва адзначыў стабільнасць абменнага курсу беларускага рубля і запаволенне інфляцыі. „Мы бачым, што інфляцыя знаходзіцца на гістарычна нізкім узроўні. У краму хадзіць прасцей, таму што ведаеш, чаго чакаць”, — лічыць Долман. Таксама прадстаўнік МВФ адзначыў рост даверу да беларускіх банкаў з боку насельніцтва.

Долман заявіў, што раней неспакой фонду выклікала тэндэнцыя скарачэння укладаў насельніцтва, але дзякуючы намаганням ўрада і Нацбанка яны сталі расці, асабліва ў мясцовай валюце. „Гэта зноў-такі — прыкмета даверу да прыманых рашэнняў”, — перакананы кіраўнік місіі.

Ён адзначыў намаганні Нацбанка па стварэнні ўмоў для фінансавай стабільнасці і апошнія рашэнні ўрада і прэзідэнта па стварэнні спрыяльных умоў для развіцця прадпрымальніцтва.

Разам з тым, паводле яго слоў, „у выніку праблем, якія існавалі ў мінулым, а таксама з улікам шэрагу праблем, якія захоўвацца на некаторых дзяржпрадпрыемствах, — усе гэтыя моманты робяць Беларусь уразлівай да знешніх шокаў”. У якасці прыкладу Долман прывёў рэакцыю беларускай эканомікі на зніжэнне коштаў на нафту і спыненне эканамічнага росту ў Расіі. Ён таксама падкрэсліў, што знешнія інвестары, прымаючы рашэнне аб прыходзе ў эканоміку той ці іншай краіны, асабліва звяртаюць увагу на шэраг фактараў, сярод якіх адным з найважнейшых з`яўляецца ўзровень знешняга дзярждоўгу.

„Гэты паказчык у Беларусі за апошнія некалькі гадоў рос вельмі хуткімі тэмпамі і складае сёння каля 75% ВУП. У канчатковым выніку гэты доўг можа быць пагашаны толькі за кошт валютных даходаў, што атрымліваюцца вашай эканомікай”, — сказаў кіраўнік місіі.

Старшыня пастаяннай камісіі ПП НС па эканамічнай палітыцы Уладзіслаў Шчэпаў заявіў журналістам, што парламентарыям вельмі важнае меркаванне місіі МВФ па пытаннях грашова-крэдытнай, бюджэтнай палітыкі, працоўных адносін і рэфармавання дзяржсектара. „Мы хочам паслухаць рэкамендацыі і ўлічыць іх у законапраектнай працы. МВФ — гэта не толькі фінансавая, але і экспертная арганізацыя”, — адзначыў Шчэпаў.

belapan.by