Кіраўнік МЗС Літвы: Экспарт беларускіх угнаенняў праз Літву можа быць цалкам спынены
З пашырэннем санкцыяй Еўразвяза ў дачыненні да Беларусі экспарт беларускіх угнаенняў праз Літву можа быць цалкам спынены. Пра гэта, як паведамляе партал Delfi, заявіў літоўскі міністр замежных спраў Габрыэлюс Ландсбергіс 4 жніўня перад пачаткам пасяджэння ўрада.
Паводле яго слоў, Літва ўжо фармальна прадставіла прапановы Бруселю па пашырэнні сектаральных санкцый, у тым ліку ў дачыненні да ўгнаенняў „Беларуськалія”, якія экспартуюцца пераважна праз Клайпеду.
„Магчыма поўнае спыненне [экспарту]. Я б сказаў, што так, гэта рэальна. Рэальныя перамовы яшчэ не пачаліся, таму яшчэ рана аб гэтым гаварыць”, — сказаў Ландсбергіс.
24 чэрвеня Еўрасаюз упершыню ў гісторыі ўвёў сектаральныя эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі. Санкцыі сталі адказам ЕС на парушэнні правоў чалавека ў краіне, рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, дэмакратычнай апазіцыі і журналістаў, а таксама вымушаную пасадку самалёта Ryanair і затрыманне журналіста Рамана Пратасевіча і яго спадарожніцы Сафіі Сапегі, якія знаходзіліся на яго борце.
Сярод іншага санкцыі забараняюць прамы або ўскосны імпарт, куплю або перадачу хлорыстага калію, мінеральных або хімічных угнаенняў, якія змяшчаюць калій, азот, фосфар.
Варта адзначыць, што па рашэнні Савета ЕЗ забароны, якія тычацца тавараў двайнога прызначэння, нафтапрадуктаў, угнаенняў і тытунёвай прадукцыі, не распаўсюджваюцца на выкананне кантрактаў, падпісаных да 25 чэрвеня 2021 года.
Пры гэтым Еўразвяз не выключае новых санкцый у дачыненні да Беларусі ў сувязі з міграцыйным крызісам на беларуска-літоўскай мяжы. Літва лічыць, што беларускія ўлады аказваюць садзейнічанне мігрантам, якія нелегальна перасякаюць мяжу.
Паводле статыстычных звестак, з пачатку 2021 года літоўскія памежнікі затрымалі 4.090 нелегалаў, якія прыбылі з тэрыторыі Беларусі, — прыкладна ў 50 разоў больш, чым за ўвесь 2020-ты (81 чалавек).
Сярод затрыманых грамадзяне Ірака (2.778), Рэспублікі Конга (200), Камеруна (131), Сірыі (129), Ірана і Расіі (па 91), Афганістана (83), Гвінеі (79), Беларусі (65), Шры-Ланкі (64), Індыі (62), Нігерыі (30), Тога і Турцыі (па 25), Кот-д`Івуара і Пакістана (па 23), Дэмакратычнай Рэспублікі Конга і Малі (па 19), Гамбіі (18), Самалі і Таджыкістана (па 17), Сенегала (16), іншых краін (85).
З-за рэзкага павелічэння колькасці нелегальных мігрантаў урад Літвы 2 ліпеня абвясціў экстрэмальнае становішча на нацыянальным узроўні. Кіраўніцтва краіны неаднаразова наўпрост абвінавачвала беларускія ўлады ў садзейнічанні росту нелегальнай міграцыі. Да аховы мяжы прыцягнулі сілы іншых літоўскіх ведамстваў, армію, дапамогу аказваюць прадстаўнікі Frontex і памежнікі Эстоніі.
Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв`ю тэлеканалу Sky News Arabia (ААЭ) 19 ліпеня заявіў, што ў Літве ёсць „групоўкі злачыннага характару, чыё дачыненне да нелегальнай міграцыі ўяўляецца відавочным”. На абвінавачанне ў датычнасці да гэтага беларускага боку ён прапанаваў выкласці „факты на стол”.
На прэс-канферэнцыі 2 жніўня ў літоўскім урадзе еўракамісар па ўнутраных справах Ілва Ёхансан заявіла, што ўвесь Еўрапейскі саюз падтрымлівае Літву ў справе абароны агульнай для аб`яднання мяжы з Беларуссю. „Гэта правакацыя рэжыму Лукашэнкі, і мы павінны паказаць, што няма вольнага доступу на тэрыторыю ЕЗ. Літва, ЕЗ, краіны Шэнгена павінны спыніць нелегальны доступ у Шэнгенскую прастору”, — сказала яна.
У той жа дзень стала вядома, што літоўскіх памежнікаў абавязалі вяртаць нелегалаў на тэрыторыю Беларусі. Так, кіраўнік МУС Літвы Агне Білатайце паведаміла, што ў працэсе аховы дзяржмяжы і для яе абароны ад нелегальных мігрантаў памежнікаў абавязалі накіроўваць просьбітаў прытулку да найбліжэйшага міжнароднага кантрольна-прапускнога пункта або ў дыппрадстаўніцтва.
„Супрацоўнікі Службы аховы дзяржмяжы Літвы — кампетэнтныя, яны могуць прымаць тактычныя меры ў такіх сітуацыях. Мяжу Літвы павінны абараняць усімі законнымі спосабамі ад любога незаконнага перасячэння як інструмента гібрыднай атакі, якую цяпер праводзяць супраць Літвы. Людзей, якія наўмысна незаконна перасякаюць мяжу ў забароненых месцах, павінны расцэньваць як злачынцаў, якія маюць намер зрабіць супрацьзаконнае дзеянне — незаконна перайсці мяжу”, — заявіла міністр.
