Кіраўнік МЗС Украіны: Мы думаем над тым, чым замяніць пастаўкі паліва і ўгнаенняў з Беларусі



Украінскія ўлады думаюць над тым, чым замяніць пастаўкі паліва і ўгнаенняў з Беларусі, заявіў міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба 5 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў межах форуму „Украіна 30: міжнародная палітыка”.

Імпарт стратэгічнай прадукцыі з Беларусі чыноўнік закрануў у кантэксце адказу на пытанне, што важнейшае — каштоўнасці або эканоміка — у святле рыторыкі беларускіх уладаў адносна Украіны.

Кулеба заявіў, што эфектыўнай з’яўляецца тая палітыка, у якой „каштоўнасці і эканоміка знаходзяцца ў балансе”, і ў выпадку з Беларуссю „такі баланс быў знойдзены”.

„Мы стаім на баку каштоўнасцяў, падтрымліваючы беларускі народ у яго імкненні жыць у дэмакратычнай краіне, дзе цябе не збівае паліцыя, не катуюць у турме, — сказаў ён. — Але пры гэтым мы дазваляем украінскім кампаніям зарабляць грошы на беларускім рынку, каб яны вярталі іх сюды ў выглядзе падаткаў, створаных працоўных месцаў. Безумоўна, які-небудзь баланс не з’яўляецца вечным. У залежнасці ад развіцця сітуацыі ў Беларусі мы можам зрушваць акцэнты. Па стане на сёння мы знайшлі гэты баланс”.

На пытанне, ці можа Украіна адмовіцца ад беларускай прадукцыі, кіраўнік знешнепалітычнага ведамства адказаў, што яго трэба ставіць перад грамадзянамі краіны, якія „купляюць розныя беларускія тавары”.

„Ёсць макраўзровень — гэта дзяржава, дзе мы думаем пра тое, чым замяніць паліва і ўгнаенні, і ёсць мікраўзровень — гэта ўзровень звычайнага чалавека, які ідзе ў магазін і нешта купляе, бо мы таксама павінны клапаціцца пра інтарэсы простых украінцаў, — падкрэсліў Кулеба. — На жаль, так склалася гістарычна, што мы сталі спажыўцом паліва з Беларусі. Па сутнасці, па некаторых пазіцыях [у Беларусі] амаль манапольнае становішча. Я лічу, што гэтую сітуацыю трэба выпраўляць”.

„Мы не можам спадзявацца на Беларусь пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі. Мы не можам дазволіць, каб былі якія-небудзь рычагі ўплыву на Украіну, таму нам трэба дыверсіфікаваць гэтыя пастаўкі. Але таксама давайце не забываць аб тым, што продаж паліва Украіне — гэта важны складнік эканомікі Беларусі. Там таксама людзі атрымліваюць зарплаты на заводах дзякуючы гэтаму гандлю. Таму Аляксандр Лукашэнка і не страляе цяпер сабе ў нагу, спрабуючы неяк выкарыстаць гэты рычаг. Але ёсць рызыка, мы павінны яе ўлічваць. Я за тое, каб у нас былі дыверсіфікаваныя пастаўкі, каб мы не залежалі ад Беларусі ці нейкай іншай краіны”, — дадаў чыноўнік.

На ўрачыстым сходзе з нагоды Дня Незалежнасці 2 ліпеня Лукашэнка заявіў, што даручыў памежнікам „цалкам перакрыць” мяжу з Украінай з-за нібыта кантрабанды зброі. „Велізарная колькасць зброі паступае з Украіны ў Беларусь. Таму я даручыў пагранічным войскам цалкам перакрыць мяжу з Украінай”, — сказаў ён.

Каментуючы гэтыя словы, Кулеба адзначыў, што Лукашэнка „аматар такіх рэзанансных заяў”, ён „вельмі часта кажа загалоўкамі, якія адразу ж трапляюць у СМІ”.

„Тут трэба захоўваць спакой і разумець, што Аляксандр Лукашэнка — гэта чалавек, у дачыненні да [слоў] якога трэба старанна правяраць факты, — падкрэсліў кіраўнік МЗС Украіны. — Запэўніваю вас, што яго заява аб кантрабандзе зброі з Украіны ў Беларусь не пройдзе ні адзін факт-чэкінг, таму што гэта проста не адпавядае рэчаіснасці ні па адным параметры. Як і яго заява аб тым, што мяжа закрылася. Згодна з маёй інфармацыяй, па стане на гэты момант мяжа працуе”.

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства заявіў, што „Украіна не шукае канфлікту, але яна заўсёды будзе вельмі жорстка абараняць свае інтарэсы ў сітуацыі, калі хтосьці спрабуе гэты канфлікт навязаць”.

belapan.by