Кіраўнікі МЗС Беларусі і Турцыі абмеркавалі зніжэнне дысбалансу ў гандлі



Кіраўнікі МЗС Беларусі і Турцыі Уладзімір Макей і Меўлют Чавушаглу абмеркавалі 28 жніўня ў Менску магчымасць зніжэння дысбалансу ў гандлі дзвюх краін.

„Нашы перамовы сёння былі прысвечаны практычнаму вырашэнню задач, пастаўленых перад намі кіраўнікамі нашых дзяржаў, а менавіта нарошчванню тавараабароту, зніжэнню дысбалансу ў гандлі, павелічэнню інвестыцый, павелічэнню колькасці сумесных эканамічных праектаў. Мы прыйшлі да высновы, што ў нас шмат нявыкарыстаных магчымасцяў па пашырэнні супрацоўніцтва”, — заявіў журналістам Макей па выніках перамоў з турэцкім калегам.

Міністр адзначыў, што асновай узаемадзеяння дзвюх краін з’яўляецца эканамічнае супрацоўніцтва. Турцыя і Беларусь супрацоўнічаюць у форме прамысловай кааперацыі і цяпер працуюць над пашырэннем дзейнасці турэцкага бізнесу ў Беларусі і прыцягненнем інвестыцый.

„Аб’ём інвестыцый перавысіў 800 млн долараў, дзейнічае каля 140 прадпрыемстваў з удзелам турэцкага капіталу. У найбліжэйшы час у МЗС адбудзецца шэраг сустрэч з прадстаўнікамі турэцкіх кампаній, каб ацаніць стан спраў”, — дадаў ён.

Паводле слоў Макея, Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні кантактаў у сферах тэхналогій, інавацый, вышэйшай адукацыі. Бакі маюць намер нарошчваць узаемадзеянне ў галіне сумесных навуковых распрацовак, навучальных праграм, абмену студэнтамі і выкладчыкамі вышэйшых навучальных устаноў.

Таксама чакаецца візіт старшыні камісіі па замежных справах Вялікага нацыянальнага сходу парламента Турэцкай Рэспублікі ў пачатку верасня.

Меўлют Чавушаглу дадаў, што на гэты момант гандлёвае сальда паміж дзвюма краінамі пакуль што складваецца на карысць Турцыі, але бакі працуюць над тым, каб гандаль быў збалансаваным. Ён адзначыў, што на сустрэчы быў абмеркаваны спіс тэм, якія могуць уяўляць цікавасць па лініі ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. Таксама кіраўнікі МЗС абмяркоўвалі ўзаемадзеянне ў міжнародных арганізацыях.

„Турцыя вельмі падтрымлівае ўступленне Беларусі ў СГА і працягне праводзіць гэтую падтрымку”, — заявіў Чавушаглу.

Ён згадаў і аб развіцці ўзаемаадносін у сферы турызму. „Таксама нам прыемна адзначыць рост патоку турыстаў, але гэтыя лічбы не адлюстроўваюць існуючага патэнцыялу. Мы бачым вялікую карысць, каб турэцкія авіялініі развівалі супрацоўніцтва з авіякампаніяй „Белавія” па частцы павелічэння рэйсаў і дыверсіфікацыі напрамкаў”, — паведаміў кіраўнік турэцкага МЗС.

У 2018 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Турцыяй склаў 983,7 млн долараў (104,4% да аналагічнага перыяду 2017 года). Пры гэтым беларускі экспарт — 182,9 млн долараў (136,2%), імпарт — 800,8 млн долараў (99,2%), сальда адмоўнае ў памеры 617,9 млн долараў.

БелаПАН