Кітай можа стаць інвестарам будаўніцтва ГЭС на Дзвіне



Кітаю прапанавана стаць інвестарам будаўніцтва ГЭС на Дзвіне, паведамілі ў Дзяржаўным камітэце па маёмасці Беларусі.

Цяпер кітайскі бок разглядае пілотны пералік беларускіх арганізацый з папярэднімі ўмовамі ўваходжання кітайскіх інвестараў у іх акцыянерны капітал. У гэтым пераліку 20 акцыянерных таварыстваў, два рэспубліканскія ўнітарныя прадпрыемствы і інвестыцыйны праект па будаўніцтве ГЭС на рацэ Дзвіна. Пералік перададзены для разгляду цэнтральным і мясцовым дзяржаўным прадпрыемствам Кітая. Ужо відаць першыя вынікі работы, падкрэслілі ў ведамстве.

У Дзяржкаммаёмасці адбылася сустрэча старшыні камітэта Андрэя Гаева з дэлегацыяй прадстаўніцтва „Чайна Мерчантс Груп” у Цэнтральнай Азіі і краінах Балтыйскага рэгіёна, якая ўзначальваецца генеральным прадстаўніком прадстаўніцтва Ху Чжэнам. Удзельнікі сустрэчы адзначылі, што работа па ўваходжанні кітайскіх інвестараў у акцыянерны капітал беларускіх арганізацый, уключаных у пілотны пералік, будзе прадоўжана. Кіраўнік кітайскай дэлегацыі выказаў пажаданне інтэнсіфікаваць прапрацоўку з беларускімі міністэрствамі пытання аб магчымасці ўваходжання беларускіх прадпрыемстваў у лік рэзідэнтаў Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка „Вялікі камень”. Паводле слоў Андрэя Гаева, з прадпрыемстваў у пілотным пераліку для ўваходжання ў індустрыяльны парк у якасці яго рэзідэнтаў прапануюцца ААТ „Прамсувязь” і ААТ „Мінскі завод ацяпляльнага абсталявання”.

„Беларускі і кітайскі бакі адзначылі, што чакаецца вялікая сумесная работа і выказалі ўпэўненасць у яе поспеху. Андрэй Гаеў і Ху Чжэн сышліся на думцы, што кіраўнікі дзяржаў стварылі палітычную і юрыдычную платформу для развіцця адносін паміж Беларуссю і Кітаем, – расказалі ў Дзяржкаммаёмасці. – Мэта заключанага паміж дзяржкаммаёмасці дзвюх краін рамачнага пагаднення – перайсці да канкрэтных кантактаў паміж беларускімі і кітайскімі прадпрыемствамі. Пры гэтым адносіны паміж суб’ектамі гаспадарання павінны развівацца больш інтэнсіўна”.

Акрамя таго, кітайская карпарацыя „Цзуншэнь” праяўляе цікавасць да ААТ „Гомсельмаш”. У Пекіне прайшлі перагаворы паміж міністрам прамысловасці Беларусі Віталем Воўкам і шэфам па інвестыцыях кітайскай кампаніі. Па выніках перагавораў пасольства Беларусі ў Кітаі накіравала ў Мінпрам матэрыялы, прадстаўленыя карпарацыяй „Цзуншэнь”. Цяпер вядзецца работа па вызначэнні ўмоў супрацоўніцтва.

У Дзяржкаммаёмасці таксама праінфармавалі, што падрыхтаваны праект указа „Аб пераўтварэнні рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства”, які прадугледжвае пераўтварэнне ў 2017 годзе РУП „Ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга „Інстытут „Белдзяржпраект” у адкрытае акцыянернае таварыства, заснавальнікамі якога выступяць Беларусь і кампанія Beijing JianYi Invesment Development (Group) Co.Ltd (Кітай). Праект указа ўжо накіраваны на разгляд у беларускі ўрад. У адрас Індустрыяльна-камерцыйнага банка Кітая накіравана прэзентацыйная інфармацыя для разгляду і вывучэння магчымасці ўваходжання ў акцыянерны капітал ААТ „Банк Масква-Мінск”.

На сустрэчы ў ведамстве абмеркавалі таксама візіт у Беларусь у канцы ліпеня старшыні Камітэта па кантролі і кіраванні дзяржаўнай маёмасцю пры Дзяржаўным савеце Кітая Сяа Яцыня і дзелавых колаў краіны. Гэты візіт арганізуецца ў рамках дасягнутых дамоўленасцей паміж кіраўнікамі дзяржаў з мэтай стымулявання супрацоўніцтва паміж беларускімі і кітайскімі прадпрыемствамі.

belta.by