Кітай падтрымлівае ўступленне Беларусі ў СГА



 Кітай падтрымлівае ўступленне Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА). Пра гэта заявіў прадстаўнік краіны пры СГА Чжан Сянчэнь 25 лютага ў Жэневе на сустрэчы з намеснікам міністра замежных спраў Беларусі Андрэем Дапкюнасам, паведамляе прэс-служба беларускага МЗС.

„Чжан Сянчэнь падзяліўся бачаннем Кітая адносна актуальных працэсаў рэфармавання арганізацыі, выказаў упэўненасць, што, прайшоўшы праз іх, СГА цалкам захавае сваю запатрабаванасць і эфектыўнасць як у частцы рэгулявання міжнародных гандлёвых адносін, так і ў тым, што тычыцца механізмаў аховы інтарэсаў дзяржаў-членаў”, — адзначылі ў прэс-службе.

У сваю чаргу намеснік генеральнага дырэктара СГА І Сяачжун падкрэсліў, што сакратарыят арганізацыі працягне аказваць Беларусі „дзейсную падтрымку па пабудове нацыянальнага патэнцыялу для перспектыўнай працы з арганізацыяй”. Згодна са звесткамі СГА, у 2017 годзе ў розных курсах і семінарах арганізацыі ўзялі ўдзел 38 беларускіх экспертаў, у 2018 годзе — 83.

Дапкюнас „выказаў перакананасць, што ва ўмовах дэградацыі сістэмы міжнароднага права ў сферах міру і бяспекі, захаванне эфектыўнага міжнароднага рэгулявання эканамічнага падмурку з’яўляецца жыццёва важным для ўсёй міжнароднай супольнасці як у асобе дзяржаўных устаноў, так і для прыватнага бізнесу”.

Як паведамлялася, 15 лютага ў Жэневе адбылося 11-е афіцыйнае пасяджэнне рабочай групы СГА па далучэнні Беларусі. Краіна разлічвае далучыцца да арганізацыі ў 2020 годзе.

Беларусь вядзе працу над уступленнем у СГА з 1993 года. Зараз у арганізацыю ўваходзяць 164 дзяржавы, 22 — працуюць над уступленнем.

belapan.by