„СІГІКОП” пабудуе транспартна-лагістычны цэнтр каля мяжы Беларусі з Польшчай



Кітайская карпарацыя „СІГІКОП” пабудуе транспартна-лагістычны цэнтр у свабоднай эканамічнай зоне „Гроднаінвест” каля мяжы Беларусі з Польшчай.

Як паведамляе адміністрацыя СЭЗ „Гроднаінвест”, падчас сустрэчы, якая прайшла 29 лістапада ў Мінску, прэзідэнт кітайскай карпарацыі Су Хаймін пацвердзіў гатоўнасць „СІГІКОП” пачаць будаўніцтва лагістычнага цэнтра. Таксама бакі падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве, мэтай якога з’яўляецца ўсталяванне дзелавых адносін для развіцця інвестыцыйнай дзейнасці на тэрыторыі СЭЗ „Гроднаінвест”. Бізнес-план інвестыцыйнага праекта ўжо накіраваны ў адміністрацыю свабоднай эканамічнай зоны.

Галаўная кампанія па міжнародным тэхніка-эканамічным супрацоўніцтве правінцыі Ганьсу КНР („СІГІКОП”), заснаваная ў 1970 годзе, з’яўляецца шматпрофільнай кампаніяй, у сферы дзейнасці якой уваходзіць: рэалізацыя міжнародных інжынерных праектаў, імпарт і экспарт, развіццё сферы нерухомасці, эканамічнае і тэхнічнае супрацоўніцтва, а таксама супрацоўніцтва ў сферы прадастаўлення працоўных паслуг.

У 2014 годзе „СІГІКОП” упершыню ўвайшла ў топ-250 міжнародных падрадных будаўнічых кампаній, складзены Engineering News Record (ENR), заняўшы 204 радок.

belapan.by