У Менску плануюць стварыць грамадскую сістэму арэнды аўтамабіляў



Планаваны да рэалізацыі ў Беларусі кітайскімі бізнесменамі праект грамадскага сэрвісу па арэндзе аўтамабіляў можа выкарыстоўваць аўтамабілі, вырабленыя на заводзе „Юнісан” пад Менскам. Пра гэта паведамляе Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі па выніках візіту ў Беларусь кітайскай дэлегацыі на чале з генеральным дырэктарам кампаніі Guangzhou Xinjinlai Import and Export Trade Co. Ltd. Ван Эньпэем. Візіт адбыўся 11—16 сакавіка.

16 сакавіка ў НАІП прайшла сустрэча кітайскай дэлегацыі з кіраўніцтвам Міністэрства эканомікі і шэрагу беларускіх прадпрыемстваў.

„Сёння кітайскі бізнес плануе рэалізаваць у Беларусі зусім новы для краіны праект — сэрвіс па арэндзе аўтамабіляў. Будзе створана двухбаковая рабочая група. Спадзяемся, што ўжо ў маі гэтага года адпаведная юрыдычная асоба будзе зарэгістравана і пачнецца актыўная фаза рэалізацыі каршэрынгавага праекта”, — адзначыў намеснік дырэктара НАІП Міхаіл Дашук.

Кітайскі бок выказаў гатоўнасць закупляць аўтамабілі, вырабленыя на заводзе „Юнісан” пад Менскам. Плануецца, што ў маі завод пачне кантрактную зборку электрамабіляў Zotye, у продаж паступіць каля 3.500 аўтамабіляў. На адной зарадцы беларускі электрамабіль Zotye можа праехаць да 280 км у звычайных умовах і да 130 км ва ўмовах дваццаціградуснага марозу.

Акрамя таго, паводле інфармацыі НАІП, Guangzhou Xinjinlai Import and Export Trade Co. Ltd. плануе пабудаваць тысячу зарадных станцый. ДВА „Беларуснафта” было прапанавана прыняць удзел у праекце па арэндзе аўтамабіляў у частцы зараднай інфраструктуры.

Як паведамляў БелаПАН, кітайцы маюць намер рэалізаваць у Беларусі зусім новы праект, сутнасць якога заключаецца ў стварэнні грамадскай сістэмы арэнды аўтамабіляў з аплатай па часе эксплуатацыі. Пры гэтым усе асноўныя аперацыі (заказ аўтамабіля, інфармацыйнае забеспячэнне, уключаючы кругласутачную гарачую лінію, аплата паслуг і г.д.) ажыццяўляюцца з дапамогай мабільных сродкаў сувязі з выкарыстаннем спецыяльна распрацаванага праграмнага забеспячэння.

Сістэма ўжо актыўна распаўсюджваецца ў Кітаі і падтрымліваецца ўрадам на мясцовым і нацыянальным узроўні. Паводле ацэнак спецыялістаў, да 2025 года ў Кітаі будуць эксплуатавацца на ўмовах агульнага карыстання каля 600 тысяч аўтамабіляў, пры гэтым штогадовы прырост складзе 45%. Ужо цяпер далёкасць прабегу без зарадкі электрамабіляў набліжаецца да 500 км, што цалкам забяспечвае іх камерцыйнае прымяненне.

Мяркуецца, што асноўнымі карыстальнікамі гэтай сістэмы ў Беларусі будуць замежныя турысты, а таксама дзяржаўныя і прыватныя арганізацыі, фізічныя асобы.

belapan.by