Кітаю прапануюць прыватызацыю 22 дзяржпрадпрыемстваў



Кітай разглядае прапанову аб інвестыцыях у ААТ „Гарызонт”, „Віцязь”, „БАТЭ”, „Гомсельмаш” і іншыя беларускія дзяржпрадпрыемствы, паведаміў 21 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці (Дзяржкаммаёмасць) Аляксей Васільеў.

Паводле яго слоў, кітайскаму боку перададзеныя прапановы аб прыватызацыі 22 беларускіх дзяржарганізацый і адзін інвестпраект. „Гэта тыя арганізацыі, дзе б мы хацелі бачыць інвестараў. Мы вызначылі сваё бачанне супрацоўніцтва, і гэта не толькі продаж акцый, але і ў тым ліку магчымасць ўваходжання ў капітал шляхам дадатковай эмісіі. Мы разумеем, што ў асобныя моманты патрабаваць ад інвестара і купіць акцыі, і ўкласці ў мадэрнізацыю не зусім правільна, таму і прапанаваная дадатковай эмісія. Такім чынам інвестар мае магчымасць ўлівання грошай непасрэдна ў само прадпрыемства, атрымліваючы пры гэтым частку акцый”, — растлумачыў чыноўнік.

Паводле яго слоў, па кожным з прапанаваных прадпрыемстваў працэнты акцый розныя. „Калі мы прапануем такія сур’ёзныя прадпрыемствы і чакаем сур’ёзных інвестараў, у тым ліку з Кітая, мы гатовыя прадаць і больш за 50% акцый дзеля таго, каб прадпрыемствы атрымалі інвестыцыйны капітал”, — заявіў Васільеў.

Прапановы аб інвеставанні ў беларускія прадпрыемствы былі перададзеныя падчас візіту кітайскіх спецыялістаў у Беларусь у канцы снежня мінулага года, паведаміў чыноўнік. „У цяперашні час яны абмяркоўваюць усе нюансы, і мы гатовыя ў межах рабочай групы ўсе пытанні вырашаць”, — дадаў ён.

Пры гэтым першы намеснік старшыні Дзяржкаммаёмасці адзначыў, што ў 2016 годзе ў Беларусі не было здзейснена ні адной прыватызацыйнай здзелкі з дзяржаўнай або камунальнай уласнасцю. „Можна казаць, што здзелак не было, таму што дрэнны ці добры парадак. Парадак такі ж, як быў у 2015 годзе. Здзелак не было не таму, што мы не давялі іх да канца, а таму, што прапаноў не паступала наогул. Цікавасці ніякай не было. Мы нават не маглі зачапіцца за нейкага інвестара і давесці прыватызацыю да лагічнага завяршэння. Рынак нерухомасці ў цэлым ў 2016 годзе моцна прасеў”, — падкрэсліў Васільеў.

Ён нагадаў, што на гэты момант у краіне няма абавязковага для прыватызацыі пераліку дзяржпрадпрыемстваў. „Гэтыя пералікі цяпер сфармаваныя для вывучэння попыту інвестараў у частцы магчымасці набыцця тых ці іншых актываў. Мы перадалі прапановы беларускай бізнес-супольнасці, каб яны ўнеслі сваё бачанне. З іх боку былі прэтэнзіі, што мы шукаем толькі замежных інвестараў. Мы гатовыя разгледзець магчымасць прыватызацыі прадпрыемстваў, на якія яны гатовыя прыйсці. Дзяржкаммаёмасць адкрытая да дыялогу і з нашай бізнес-супольнасцю”, — запэўніў прадстаўнік камітэта.

belapan.by