Колькасць ІП на Гарадзеншчыне працягвае скарачацца
На Гарадзеншчыне, у параўнанні з пачаткам бягучага году, колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў скарацілася больш як на сямсот чалавек. Згодна з дадзенымі падатковай інспекцыі, у студзені іх лічба ў рэгіёне складала 28 тысяч 100 чалавек, а праз паўгады – ужо 27 тысяч 389. Неспрыяльныя ўмовы працы, высокія падаткі і стаўкі арэнднай платы, а таксама істотнае змяншэнне пакупніцкай здольнасці насельніцтва вымушаюць прадстаўнікоў малога бізнэсу Прынёмання сыходзіць з прафесіі:
– Па выходных яшчэ ходзяць людзі, а ў будні дзень вельмі мала. Продажы ўпалі. Вялікая канкурэнцыя, у тым плане, што ў нас горад вельмі маленькі. І міні-рынкі, і ледзь не ў кожнай краме… Рынак перанасыцілі вельмі.
– Шмат пустых месцаў ужо. Камунальныя плацяжы затым размяркоўваюць на тых, хто арыендуе. З пустых месцаў таксама. Я, канешне, іх таксама разумею. Але нам няма куды дзявацца. Многія сыходзяць.
Унёсак ІП-шнікаў Гарадзеншчыны ў кансалідаваны бюджэт вобласці за першае паўгоддзе склаў 190 мільярдаў 600 мільёнаў беларускіх рублёў, ці больш за 11 мільёнаў еўра ў эквіваленце, а унёсак недзяржаўнага сектара эканомікі ў бюджэт вобласці перавысіў 27%.
Беларускае Радыё Рацыя
