Колькасць падробак новых беларускіх грошай мізэрная



Традыцыйна ўзровень фальшываманецтва ў Беларусі нізкі, і перыяд пасля дэнамінацыі не стаў выключэннем. Колькасць падробак новых беларускіх грошай мізэрная, паведамілі БелаПАН у Нацыянальным банку, падводзячы вынікі года пасля дэнамінацыі.

З пачатку выпуску новых грашовых знакаў у абарачэнне (1 ліпеня мінулага года) і да канца 2016 года ў банкаўскай сістэме краіны было выяўлена 10 падробленых банкнот (наміналам 5 рублёў — 4 шт., 20 рублёў — 3 шт., 10 рублёў — 2 шт., 50 рублёў — 1 шт.).

У першым квартале 2017 года выяўленыя ўжо 14 падробак (наміналам 20 рублёў — 7 шт., 10 рублёў — 6 шт., 50 рублёў — 1 шт.).

„Акрэсліўся рост колькасці выяўленых падробак, але ў адносінах да сапраўдных банкнот, якія знаходзяцца ў абарачэнні, іх колькасць мізэрная”, — падкрэслілі ў Нацбанку.

Згодна са звесткамі Нацбанка, практычна ўсе выяўленыя падробленыя беларускія рублі вырабленыя на камп’ютарнай і капіявальнай тэхніцы. Выпадкаў выкарыстання паліграфічнага абсталявання для падробкі нацыянальнай валюты не зафіксавана. Падробкі, вырабленыя ў дамашніх умовах, нескладана адрозніць ад сапраўдных банкнот — дастаткова праявіць элементарную ўважлівасць.

Паводле БелаПАН