Колькасць стратных арганізацый у Менску вырасла амаль на 40%
Паводле звестак галоўнага статыстычнага ўпраўлення Менска, колькасць стратных арганізацый сталіцы ў студзені—кастрычніку 2020 года ў параўнанні з такім жа перыядам 2019-га павялічылася з 235 да 325 (на 38,3%), іх удзельная вага — з 16 да 22,1%.
Чысты прыбытак арганізацый на 1 лістапада 2020 года склаў 2 млрд 985 млн рублёў, што на 12% менш, чым за аналагічны леташні перыяд.
Прыбытак да падаткаабкладання склаў 3 млрд 877,2 млн рублёў (на 9,7% менш).
Прыбытак ад рэалізацыі вырас на 18,9% да 6 млрд 104,5 млн рублёў. Рэнтабельнасць продажу і рэалізаванай прадукцыі склала 9 і 11,5% адпаведна (у студзені—кастрычніку 2019 года — 8,3 і 10,5%).
Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг арганізацый Менска ў бягучых цэнах склала 67 млрд 576,1 млн рублёў, або на 8,6% больш, чым у студзені—кастрычніку 2019 года.
Пры гэтым сабекошт рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работ, паслуг вырас на 7,9% да 52 млрд 935,9 млн рублёў.
