Колькасць занятых у эканоміцы Беларусі за год знізілася на 5 тысяч чалавек



 У эканоміцы Беларусі ў траўні 2019 года было занята 4 млн 323,4 тыс. чалавек, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

У траўні 2018 года, для параўнання, было занята 4 млн 328,4 тыс. чалавек. Такім чынам, за год колькасць занятых зменшылася на 5 тыс. чалавек.

Паводле інфармацыі Мінпрацы, у студзені—траўні 2019 года ў органы па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне па садзеянне ў працаўладкаванні звярнулася 74,5 тыс. чалавек (84,8% да аналагічнага перыяду 2018 года), з іх 43,5 тыс. зарэгістраваныя ў якасці беспрацоўных (80,9% да 2018 года).

З улікам грамадзян, якія стаяць на ўліку на 1 студзеня 2019 года, у працаўладкаванні мелі патрэбу 91,4 тыс. чалавек, з іх 56 тыс. беспрацоўных.

Узровень зарэгістраванага беспрацоўя на 1 чэрвеня 2019 года склаў 0,3% да колькасці працоўнай сілы (на 1 чэрвеня 2018 года — 0,5%).

Эксперты звязваюць зніжэнне занятасці з некалькімі фактарамі, у тым ліку з аптымізацыяй колькасці работнікаў, адтокам працоўнай сілы за мяжу, а таксама з дэмаграфічнымі тэндэнцыямі.

belapan.by