Крэдыторская запазычанасць беларускіх арганізацый за студзень—чэрвень вырасла амаль на 9%



Крэдыторская запазычанасць беларускіх арганізацый на 1 ліпеня 2021 года склала 66 млрд 838,7 млн рублёў, або на 8,7% больш, чым на 1 студзеня, і на 0,3% больш у параўнанні з паказчыкам на 1 чэрвеня, сведчаць звесткі афіцыйнай статыстыкі.

Пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць арганізацый за студзень—чэрвень 2021 года вырасла на 2,9% да 7 млрд 656,7 млн рублёў, за чэрвень — на 0,6%.

Знешняя пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць з пачатку года знізілася на 2,3% да 994,2 млн рублёў, за чэрвень — на 2,1%. Увогуле знешняя крэдыторская запазычанасць за шэсць месяцаў знізілася на 0,4% (да 12 млрд 997,8 млн), у параўнанні з паказчыкам на 1 чэрвеня — на 5%.

Дэбіторская запазычанасць на 1 ліпеня склала 53 млрд 905,1 млн рублёў, або на 7,5% больш, чым на 1 студзеня, і на 1,2% больш за паказчык на 1 чэрвеня.

Пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць (без уліку банкаў, нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый, Банка развіцця, страхавых арганізацый, мікраарганізацый і малых пазаведамасных арганізацый) за студзень—чэрвень павялічылася на 1,1% да 7 млрд 846,8 млн рублёў (за чэрвень — знізілася на 1,8%),

Знешняя пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць за студзень—чэрвень 2021 года ў дачыненні да аналагічнага леташняга перыяду зменшылася на 7,3% да 828,7 млн рублёў (за чэрвень — на 16,9%).

Увогуле знешняя дэбіторская запазычанасць за студзень—чэрвень вырасла на 5,4% да 13 млрд 326,3 млн рублёў, у параўнанні з паказчыкам на 1 чэрвеня — на 1,6%.

Запазычанасць арганізацый па крэдытах і пазыках на 1 ліпеня склала 95 млрд 793,8 млн рублёў. Гэта на 1,2% менш, чым на 1 студзеня, і на 0,1% менш у параўнанні з паказчыкам на 1 чэрвеня.

Пратэрмінаваная запазычанасць па крэдытах і пазыках арганізацый на 1 ліпеня склала 2 млрд 320,9 млн рублёў. З пачатку года яна зменшылася на 16,3%, у параўнанні з паказчыкам на 1 чэрвеня — на 0,7%.

Як паведамлялася, Агенцтва па кіраванні актывамі шляхам продажу каштоўных папер (аблігацый) камерцыйным банкам будзе выкупляць у іх даўгі прадпрыемстваў стратэгічных галін эканомікі. Паводле звестак БелаПАН, адпаведны праект указа ўжо падрыхтаваны. Яго плануюць прыняць „у мэтах стварэння ўмоў для фінансавага аздараўлення арганізацый рэальнага сектара эканомікі”. Агенцтву па кіраванні актывамі будуць дадзеныя паўнамоцтвы ажыццяўляць эмісію аблігацый.

За кошт сродкаў ад размяшчэння аблігацый агенцтва набывае актывы банкаў, „сфармаваныя па крэдытах, дадзеных прамысловым прадпрыемствам, якія забяспечваюць функцыянаванне стратэгічна значных галін эканомікі”, гаворыцца ў праекце ўказа. Пасля выкупу даўгоў прадпрыемстваў у банкаў агенцтва зможа даваць пазычальнікам адтэрміноўку (растэрміноўку) пагашэння асноўнага доўгу і працэнтаў за карыстанне крэдытамі.

У лютым урад абвясціў пра планы па змяншэнні даўгоў прамысловых прадпрыемстваў. „Адной з сур’ёзных праблем з’яўляецца высокая пазыковая нагрузка на рэальны сектар эканомікі. Паводле вынікаў 2020 года сумарная запазычанасць арганізацый склала амаль 160 млрд рублёў і ў параўнанні з пачаткам года вырасла на 19%”, — адзначыў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка на пасяджэнні ўрада. Ён падкрэсліў, што „ў мэтах ліквідацыі так званага даўгавога навеса ўрадам даведзены да выканання паслядоўны план дзеянняў”. „Звяртаюся да міністраў і губернатараў: неабходна актыўна ўключыцца ў яго рэалізацыю, адпрацоўваць пытанні аператыўна і якасна. Дасягненне пастаўленых мэтаў станоўча паўплывае не толькі на вынікі працы эканомікі ў 2021 годзе, але і дазволіць закласці базіс для эфектыўнага развіцця на пяцігодку”, — заявіў Галоўчанка.

belapan.by