Куды ідуць інвестыцыі?



На Гарадзеншчыне больш за палову інвестыцыяў у асноўны капітал накіроўваецца на мантажна-будаўнічыя працы.  З аднаго мільярда двухсот мільёнаў даляраў будаўнічая галіна атрымала больш за 672 мільёны даляраў, у той час, як на набыццё новага абсталявання для прамысловых прадпрыемстваў інвестыцыі не перавысілі 420 мільёнаў даляраў. У параўнанні з мінулым годам колькасць інвестыцый у асноўны капітал на Гарадзеншчыне зменшылася больш як на 5%.

На думку эканаміста Яраслава Раманчука, інвестыцыйная палітыка беларускай дзяржавы апошнім часам з’яўляецца малаэфектыўнай:

– Кіраўнік дзяржавы чыхвосціць кіраўнікоў за тое, што яны мусяць сачыць за цаной нейкага кароўніка. Калі ў іх ёсць савет дырэктароў, сузаснавальнікі, інвестары, няхай гэта будзе іхнай праблемай, а не дзяржавы. Для такіх прадпрыемстваў проста не павінна быць ніякай дзяржаўнай падтрымкі.

Траціна дзяржаўных інвестыцый, якія накіроўваюцца на ажыццяўленне будаўніча-мантажных працаў, выдаткуюцца на датацыі будаўніцтва жытла. Астатнія грошы выкарыстоўваюцца дзеля будаўніцтва такіх аб’ектаў, як жывёлагадоўчыя комплексы, інфраструктура населеных пунктаў і добраўпарадкаванне тэрыторыі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

[manual_related_posts]