Куды пойдуць еўрапейскія грошы?



Эканаміст Леў Марголін тлумачыць, чаму еўрапейская дапамога можа не дапамагчы беларускай мадэрнізацыі.

На прасоўванне рэформаў у Беларусі з боку структураў Еўразвязу можа быць выдаткавана больш за 130 мільёнаў еўра да 2020 году. Пра гэта гаворыцца ў праграме фінансавай дапамогі ў межах «Усходняга партнёрства». Грошы пойдуць на правядзенне мадэрнізацыі.

Леў Марголін: Гэтыя еўрапейскія грошы – пернік, якім Захад стараецца спакусіць беларускія ўлады на нейкія рэформы. Але, калі не будзе рэформаў, то больш не будзе і пернікаў. У Еўразвязе ўжо добра вывучылі хітрую палітыку беларускіх уладаў, якія шмат абяцаюць перад атрыманнем фінансаў, але на гэтым усё і заканчваецца. Таму, мяркую, ведаючы кошт такім абяцанням, зараз Еўропа будзе працаваць па схеме “спачатку крэслы – затым грошы”.

РР: І як адрэагуюць улады на такі пернік?

Леў Марголін: Грошы, безумоўна, можна выкарыстаць з толкам, і калі казаць пра магчымасць рэформаў, то тут ва ўладзе няма адназначнага непрыняцця рэфармавання эканомікі. Большасць чыноўнікаў таксама разумеюць, што без гэтага нікуды не падзенешся. Але самая вялікая праблема – гэта тое, што сам Лукашэнка не хоча ісці на рэформы. Таму ў бліжэйшы час іх альбо зусім не будзе, або яны будуць палавінчатыя і па прынцыпе “крок наперад – два крокі назад”.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя