Куды пойдзе электраэнергія з Беларускай АЭС?



Эканаміст Леў Марголін распавёў пра тое, куды пойдзе электраэнергія з Беларускай АЭС.

Міністр энергетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч заявіў, што БелАЭС разлічана перш за ўсё на задавальненне ўнутраных патрэбаў у электраэнергіі, аднак пры неабходнасці Беларусь гатова забяспечыць пастаўкі электраэнергіі са станцыі на экспарт.

Леў Марголін: Зразумела, што столькі электраэнергіі, колькі будзе вырабляць Астравецкая АЭС, краіне не патрэбна. Пра гэта эксперты казалі яшчэ да пачатку будоўлі, калі толькі стала вядома пра такія планы.

Праўда, тады заявы чыноўнікаў былі крыху іншыя. Маўляў, будзем прадаваць электраэнергію ў бліжэйшыя краіны – Прыбалтыку, на Захад. І да апошняга спадзяваліся, што так і будзе, хаця Літва, як вядома, займала прынцыповую пазіцыю.

РР: Але ж зараз сітуацыя зусім іншая…

Леў Марголін: Іншы час – іншыя заявы. Як быццам і не збіраліся нікому пастаўляць электраэнергію з АЭС, як быццам нам самім усё гэта патрэбна.

Самае галоўнае, што былі спробы падлічыць, колькі патрэбна электраэнергіі з атамнай электрастанцыі ўнутры краіны.

І факт застаецца фактам – калі АЭС запрацуе на поўную моц, то, магчыма, давядзецца зачыняць некаторыя цеплавыя электрастанцыі. Таму пытанне: ці будзе тут эканомія? І ці не будзе дадатковых затрат? Не думаю, што АЭС стане панацэяй для беларускай эканомікі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя