Купюры з „ваўкамі” і „вавёрачкамі” прадалі за 2200 даляраў



На інтэрнэт-аўкцыёне Ay.by прадалі 5 унікальных банкнот-узораў 1992 года,  паведамляе  сайт «Беларуская баністыка». За лоты ў агульнай складанасці выручылі 4 248,5 рубля (каля 2200 даляраў).

medved_lot

З аўкцыёну сышлі спецыяльныя банкноты-ўзоры з чырвонай наддрукоўкай «ОБРАЗЕЦ» і нулявым серыйным нумарам. Такія банкноты не выкарыстоўваюцца як аплатныя сродкі, яны звычайна захоўваюцца ў некаторых банках як узоры. Іх вяртаюць у Нацбанк для знішчэння, калі выводзяць з абарачэння банкноты адпаведнага наміналу.

Такія лоты трапляюць на аўкцыёны рэдка, гаворыцца на сайце «Беларуская баністыка».

Даражэй за ўсё прадалі банкноту-узор 50 рублёў з выявай мядзведзя. Гэты лот сышоў за 1087 рублёў. «Ваўкоў» (банкноту-узор 5 рублёў) выкупілі за 1071 рубель.

За банкноты-ўзоры наміналам 3 рублі і 10 рублёў заплацілі па 732,77 рубля. «Вавёрачка» (банкнота-узор 50 капеек) набылі за 625 рублёў. Спецыялісты адзначаюць, што прададзеныя лоты маглі ацаніць даражэй, калі б яны былі ў лепшым стане.

finance.tut.by