Курс долара ЗША ў Беларусі дасягнуў новага гістарычнага максімуму



Курс долара ЗША ў Беларусі 16 сакавіка дасягнуў новага гістарычнага максімуму. Паводле вынікаў таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы, курс вырас на 2,34 капейкі, ці адразу на 1%, і дасягнуў 2,3636 рубля за долар.

Курс еўра павялічыўся на 2,43 капейкі (0,93%) і склаў 2,6391 рубля.

Курс расійскага рубля знізіўся на 2,64 капейкі (0,83%) і склаў 3,1694 беларускага рубля за 100 расійскіх.

У курсаўтварэнні Нацбанк выкарыстоўвае механізм прывязкі курсу рубля да кошыка валют, у якім удзельная вага расійскага рубля складае 50%, долара ЗША і еўра — 30 і 20%.

Як паведамлялася, пандэмія каранавіруса прывяла да зніжэння патэнцыйнага попыту на нафту ў свеце. Пры гэтым найбуйнейшыя нафтаздабыўныя краіны (Расія і Саудаўская Аравія) не здолелі дамовіцца аб узгодненай палітыцы ў нафтавай сферы, і гэта на мінулым тыдні спарадзіла высокую валатыльнасць на валютным рынку, каціроўкі якога залежаць ад цэн на нафту.

Між тым Нацыянальны банк Беларусі на мінулым тыдні заявіў, што не збіраецца пераглядаць рэжым курсаўтварэння. Цяперашні рэжым курсаўтварэння з’яўляецца цалкам адэкватным нават ва ўмовах высокай валатыльнасць, лічыць рэгулятар.

„У гэтых умовах менавіта гнуткі плаваючы курс дазваляе адэкватна рэагаваць на кан’юнктурныя шокі і пры гэтым не дапускаць дыспрапорцый у суадносінах попыту на замежную валюту і яе прапановы на ўнутраным валютным рынку”, — падкрэслілі ў прэс-службе Нацбанка і звярнулі ўвагу, што Нацыянальны банк „па-ранейшаму не ўстанаўлівае якіх-небудзь мэтаў па ўзроўні курсу беларускага рубля ці тэмпах яго змены”.

belapan.by

[manual_related_posts]