Курс куплі валюты перавысіў курс продажу



Камерцыйныя банкі Беларусі раніцай 23 снежня істотна павысілі курс куплі замежнай валюты – на 24-25%. Зроблена гэта па рэкамендацыі Нацбанка, паведамляе БелаПАН.

10350996_416708558480254_547145144541368438_n

Тым самым курс куплі замежнай валюты ў абменных пунктах наблізіўся да рэальнага курсу продажу, у які ўваходзіць 30-працэнтны збор на куплю валюты. Калі яшчэ ўчора розніца курс продажу даляра ЗША перавышаў курс куплі больш чым на 3000 рублёў, то сёння гэтая розніца ў многіх абменных пунктах складае каля 500 рублёў. Так, „Прыорбанк” 23 снежня ўстанавіў курс куплі даляра ЗША на ўзроўні 13770 беларускіх рублёў, а курс продажу – 11145 + 30% = 14488,5 рублёў.

Відавочна, улады тым самым спадзяюцца схіліць насельніцтва да актыўнай продажы замежнай валюты, бо пасля ўвядзення 30-працэнтнага збору на продаж валюты несці даляры і еўра ў абменнікі стала нявыгадна: рэальны курс продажу даляра з улікам камісіі перавысіў 14000 беларускіх рублёў, у той час калі курс куплі заставаўся на ўзроўні 11000. Пасля гэтага ў абменных пунктах стаў адчувацца дэфіцыт даляраў і еўра, у краіне стаў адраджацца „чорны рынак” валюты.

На валютных таргах Беларускай валютна-фондавай біржы 22 снежня першапачатковы попыт на даляры ЗША ў 12 разоў перавысіў прапанову, курс даляра вырас адразу на 30 рублёў, хоць раней Нацбанк, як правіла, не дапускаў росту курсу гэтай валюты больш чым на 10 беларускіх рублёў за адну гандлёвую сесію.

„Рэкамендацыя Нацбанка пра павышэнне курсу куплі валюты павінна зрабіць продаж насельніцтвам замежнай валюты больш выгаднай. Бо цяпер курс куплі валюты ў банках і ў „валютчыкаў” будзе адрознівацца нязначна, і сэнсу прадаваць даляры з рук, рызыкуючы іх канфіскацыяй, будзе няшмат”, – каментуе сітуацыю банкаўскі спецыяліст.

Паводле інфармацыі БелаПАН, рэкамендацыі, якія тычацца курсавой палітыкі, Нацбанк агучыў у рамках нарады з прадстаўнікамі банкаўскага сектара 22 снежня. Пры гэтым асабліва падкрэслівалася, што камерцыйныя банкі павінны своечасова выконваць абавязацельствы перад укладчыкамі, незалежна ад таго, у якой валюце зроблены ўклад.

Фота Антона Матолькі