Ладуцька змяніў Карагіна



Новым старшынёй грамадскага аб`яднання „Менскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і работадаўцаў” абраны дырэктар ТАА „Мотавелазавод”, экс-кіраўнік Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька. Такое рашэнне прынята 15 чэрвеня ў Менску на справаздачна-выбарнай асамблеі арганізацыі.

Акрамя Ладуцькі на пасаду кіраўніка бізнес-саюза прэтэндавалі яшчэ тры чалавекі. 66-гадовы Уладзімір Карагін, які ўзначальваў Менскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і работадаўцаў на працягу 21 года, абраны ганаровым старшынёй аб`яднання.

„Абранне праходзіла на альтэрнатыўнай аснове ў ходзе адкрытых дэмакратычных працэдур. Асамблея паказала вялікі патэнцыял развіцця саюза, наяўнасць яркіх актыўных лідараў, якія валодаюць бачаннем далейшага развіцця арганізацыі і прадпрымальніцтва сталіцы, сталічнай вобласці і Беларусі”, — адзначыў Карагін.

Менскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і работадаўцаў заснаваны ў 1997 годзе. Вышэйшым органам кіравання саюза з`яўляецца генеральная асамблея. Кіраўніцтва дзейнасцю саюза ў перыяд паміж асамблеямі ажыццяўляюць савет саюза, прэзідыум саюза і старшыня.

59-гадовы Мікалай Ладуцька — прафесійны будаўнік. З чэрвеня 2010 года па лістапад 2014 года ўзначальваў Менскі гарвыканкам. У чэрвені 2015 года прызначаны кіраўніком ААТ „Мотавела”, а затым — ТАА „Мотавелазавод”, якое належыць дзяржаве і створана ў сувязі з працэдурай банкруцтва першага.

belapan.by