Леанід Заіка: Беларусам не патрэбны рэформы



Эканаміст Ленаід Заіка распавядае пра тое, як беларусы ставяцца да рэфармавання эканомікі.

Па выніках красавіцкага апытання грамадскага меркавання, якое праводзіла “Беларуская аналітычная майстэрня”, амаль 80 адсоткаў беларусаў лічаць, што краіне патрэбны эканамічныя рэформы, і амаль 60 адсоткаў з іх хоча бачыць змяншэнне ролі дзяржавы. Але ці гатовы беларусы да рэформаў?

Леанід Заіка: Беларусы не хочуць ніякіх рэформ. А тое апытанне, што прыводзіць сацыялагічная служба, гэта такі замаскіраваны адказ, які накіраваны ў будучыню. Таму людзі можа і кажуць агульнымі фразамі, што хацелі б нейкіх абстрактных рэформ, але якіх? Хочуць, каб “камуналка” падаражэла ў два разы? Мараць застацца беспрацоўнымі? Думаю, у людзей няма жадання канкурыраваць з суседзямі і сябрамі за працоўнае месца, кідаць спецыяльнасці, якія не маюць ніякай перспектывы, і вучыцца па-новаму. У Беларусі шмат людзей з невялікім узроўнем адукацыі (гэта так званыя неадаптаваныя вясковыя мігранты), якія хочуь мець больш і жыць лепш, але самі яны не разумеюць, як гэта будзе. І ўвогуле, рэформы пацягнуць за сабой абагачэнне адных і абнішчэнне іншых.

РР: Тады якім чынам атрымаліся такія вынікі сацыялагічнага апытання?

Ленід Заіка: Калі вы спытаеце ў чалавека, ці хоча ён рэформ, ён можа адказаць станоўча, але пры гэтым нават не задумаецца пра наступствы для сябе. Хутчэй за ўсё, Беларусі патрэбны не рэформы, а спакойная адаптацыя да рынку, канкурэнцыя і зразумелае тлумачэнне, што ў ходзе рыначных рэформ узнікаюць такія праблемы, як сацыяльная няроўнасць, беспрацоўе і зніжэнне ўзроўня жыцця бяднейшых.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя